Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі яшчэ адзін выпадак катаваньняў за кратамі. Прадстаўнік краіны ў ААН паабяцаў пакараць вінаватых


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Прыангар’і былы зьняволены паскардзіўся на катаваньні.

У Расеі былы зьняволены Аляксандр Бачкоў зьвярнуўся да праваабаронцаў Іркуцкай вобласьці з заявай аб катаваньнях у аддзяленьні паліцыі і калёніі. Паліцыянты катавалі яго з патрабаваньнем прызнацца ў чужым злачынстве, а пасьля сфабрыкавалі доказы, паведаміў Бачкоў рэдакцыі «Сибирь. Реалии» рускай службы Свабоды.

Жыхар вёскі Тармо Брацкага раёну выйшаў на волю ў 2011 годзе. Пасьля гэтага, па словах Бачкова, мясцовыя паліцэйскія сталі рэгулярна забіраць яго ў аддзяленьне, дамагаючыся прызнаньня ў чужых злачынствах.

«Кожны раз па 2-3 дні катавалі, потым адпускалі. Я ня вытрымаў, зьехаў у Краснаярскі край працаваць. У 2014 годзе вярнуўся пабачыцца са сваякамі, мяне тут жа павезьлі ў аддзяленьне "даваць паказаньні". На гэты раз катавалі 10 дзён — электрашокерам, апраналі супрацьгазьнік і перакрывалі кісларод, білі па жываце, нырках», — паведаміў Бачкоў.

Пацярпелы ня даў прызнальных паказаньняў, аднак суд у выніку пасадзіў яго ў калёнію на 8 гадоў. «Вызвалілі мяне датэрмінова, з прычыны стану здароўя. Катаваньні праваахоўнікаў зрабілі мяне інвалідам 1 групы. Раней здаровы чалавек — зараз я ежджу на вазку», — кажа Бачкоў.

Былы зьняволены рыхтуе заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт пад кантролем іркуцкіх праваабаронцаў. Адна зь іх, паводле яго слоў, датычыцца начальніка калёніі, які зьбіваў яго асабіста.

«У мяне стос дакумэнтаў. Калі справу, нарэшце, завядуць (у 2015 годзе сьледчы камітэт напісаў адмову) — паляціць шмат галоваў. Зараз я настроены вельмі рашуча, у мяне тэлефон, інтэрнэт, падтрымка родных, у адрозьненьне ад таго часу, калі я сядзеў. І пагрозы па тэлефоне мяне не спыняць», — заявіў Бачкоў.

Расея будзе перасьледаваць у судовым парадку вінаватых ва ўжываньні катаваньняў у турмах. Такія абяцаньні даў у чацьвер намесьнік міністра юстыцыі Расеі Міхаіл Гальперын на пасяджэньні ў Камітэце ААН супраць катаваньняў.

Напярэдадні ў ААН заклікалі Расею даць «выразны сыгнал» супрацоўнікам праваахоўных органаў і грамадзкасьці аб тым, што катаваньні забароненыя, паведамляе Reuters.

«Я хацеў бы выказаць сваю перакананасьць у тым, што расьсьледаваньне гэтага і іншых падобных інцыдэнтаў, разгляд гэтых спраў у нашых судах і суровае пакараньне вінаватых, незалежна ад іх рангу і пасады, павінны стаць, і я ўпэўнены, стануць выразным сыгналам аб непрымальнасьці катаваньняў», — адказаў на гэта Міхаіл Гальперын, які ўзначальваў дэлегацыю Расеі на слуханьнях у ААН.

Відэа з катаваньнямі ў яраслаўскай папраўчай калёніі 20 ліпеня апублікавала расейская «Новая газэта». Пры гэтым пра жорсткае зьбіцьцё ў гэтай калёніі было вядома з красавіка 2017 году: тады на катаваньні скардзіліся трое вязьняў — Іван Няпомняшчых, Руслан Вахапаў і Яўген Макараў. На апублікаваным газэтай відэа зьбіваюць Яўгена Макарава.

Відэа са зьбіцьцём зьняволенага ў калёніі № 1 Яраслаўскай вобласьці перадала журналістам адвакат праваабарончага фонду «Грамадзкі вэрдыкт» Ірына Бірукова. Яна зьехала з Расеі з прычыны пагрозаў і папрасіла дзяржабароны.

Гальперын у ААН заявіў, што ён «ня ведаў» пра абставіны, пры якіх была вымушаная пакінуць Расею Бірукова.

«Але я магу запэўніць вас, што, калі яна адчуе якую-небудзь пагрозу, яна можа паведаміць нам, і яна атрымае ўсё гарантыі ў адпаведнасьці з фэдэральнымі законамі аб дзяржаўнай абароне ахвяраў, сьведак і ўдзельнікаў крымінальных спраў, у тым ліку адвакатаў», — сказаў прадстаўнік Мінюсту РФ.

Паводле яго, адвакату можна прызначыць пэрсанальную абарону, памяняць месца жыхарства або працу, а таксама зьмяніць дакумэнты або зьнешні выгляд.

Таксама Гальперын заявіў, што на гэтым тыдні на фэдэральным і рэгіянальным узроўнях у Расеі была створана новая камісія для праверкі папраўчых устаноў.

Паводле яго слоў, яны будуць «аснашчаны абсталяваньнем для відэаназіраньня, якое, як і ў гэтым канкрэтным інцыдэнце, прадэманстравала іх эфэктыўнасьць у выяўленьні сурʼёзных інцыдэнтаў, якія тычацца зьняволеных».

На дадзены момант ад службы ў папраўчай калёніі № 1 у Яраслаўлі адхілілі 17 супрацоўнікаў, семярых зь іх суд арыштаваў, трое ўжо прызналі віну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG