Намесьнік кіраўніка расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Анатолій Руды заявіў, што зьняволены Яўген Макараў, відэазапіс катаваньняў якога ў яраслаўскай калёніі патрапіў у прэсу і атрымаў шырокі грамадзкі рэзананс, сам правакаваў супрацоўнікаў папраўчай установы.
«Макараў дапусьціў 136 парушэньняў у калёніі, спрабаваў зрабіць так, каб справакаваць супрацоўнікаў», — адзначыў Руды. Пры гэтым ён дадаў, што супрацоўнікі ведамства «ня справіліся са сваімі абавязкамі цалкам» і «не правялі дакумэнтаваньне і не далі прававую ацэнку».
Па справе аб катаваньнях затрыманыя шэсьць чалавек. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што выяўленыя ўсе ўдзельнікі зьбіваньня, маюць намер даць прававую ацэнку бязьдзеяньню начальства калёніі.
Кіраўніцтва яраслаўскай папраўчай калёніі №1, што ў Расеі, адхіліла ад працы 17 чалавек пасьля публікацыі відэа з жорсткімі катаваньнямі вязьня, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на абласнога ўпаўнаважанага ў правах чалавека Сяргея Бабуркіна.
Відэа катаваньняў 20 ліпеня апублікавала расейская «Новая газета»:
Пра зьбіваньне было вядома яшчэ год таму, расказвае расейскае выданьне «Медуза». Сьледчы камітэт разглядаў справу, сьледчы Радзівон Сквірскі ў тым ліку праглядаў відэа зьбіваньня, але пастанавіў, што ўжываньне гвалту «было правамерным» і «адэкватным у сытуацыі, што склалася». Упаўнаважаная ў правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі Тацяна Маскалькова заявіла, што ведала пра парушэньні ў калёніі, трымала справу «на асаблівым кантролі».