Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як краіны Балтыі рыхтуюцца да вайны з Расеяй і якая яе імавернасьць у хуткім часе


Польскія і італьянскія самалёты патрулююць паветраную прастору Літвы, архіўнае фота
Польскія і італьянскія самалёты патрулююць паветраную прастору Літвы, архіўнае фота

Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў суседніх з РФ краінах вырасла напружанасьць — NATO рыхтуецца да абароны ў выпадку, калі Расея нападзе на альянс, і адпрацоўвае розныя сцэнары нападу, у тым ліку сцэнары, у якіх беларускія войскі таксама ўдзельнічаюць у нападзе разам з расейскімі. 

Адной з імаверных цэляў Расеі называюць краіны Балтыі. Ужо ня першы год расейская прапаганда гаворыць пра «русафобію», «нацызм» і «перапісваньне гісторыі» ў Латвіі, Літве і Эстоніі.

Пасьля 2022 году ўвагі да балтыйскіх краінаў з боку расейскіх СМІ паболела, а рыторыка зрабілася больш агрэсіўная, ажно да прамых пагрозаў іх захапіць. Як краіны Балтыі рыхтуюцца да магчымай вайны, якія ёсьць сцэнары разьвіцьця падзеяў ва Ўсходняй Эўропе і ці можа Расея напасьці на балтыйскія краіны? На гэтыя пытаньні журналісты тэлеканалу «Настоящее время» паспрабавалі адказаць у праекце «Вайна Расеі з Балтыяй: рэальная пагроза?»

Расейская прапаганда — пра краіны Балтыі да і пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай

«Русафобія» і «нацызм» — адны з галоўных падставаў для ўмяшаньня Расеі ў справы замежных дзяржаваў. Пасьля анэксіі Крыму ўлады РФ узмацнілі размовы пра «русафобію» краінаў Балтыі. РАПІ («Расейская асацыяцыя прыбалтыйскіх дасьледаваньняў») яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны выпускала даклады і манаграфіі пра прыгнёт расейскамоўнага насельніцтва і «нацызм» у краінах Балтыі. Яе прэзыдэнт Мікалай Мяжэвіч стаў частым госьцем у праграмах расейскага прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва.

У расейскай прапагандзе наратыў пра «нэанацысцкую ідэалёгію» ідзе побач са згадваньнем статусу «неграмадзян», які існуе ў Латвіі і Эстоніі — гэта былыя грамадзяне СССР і іх дзеці, якія не атрымалі грамадзянства гэтых балтыйскіх краін. У неграмадзян Латвіі, напрыклад, няма правоў займаць дзяржаўныя пасады, быць адвакатамі ці галасаваць на выбарах.

Пры гэтым у Латвіі з 1995 году ўсе неграмадзяне могуць атрымаць грамадзянства, калі здадуць тэст на веданьне латыскай мовы і гісторыі і прынясуць прысягу. У 2024 годзе ў Латвіі пражываюць больш за 169 тысяч неграмадзян — гэта дзевяць працэнтаў усяго насельніцтва, большая частка зь іх — 111 тысяч чалавек — пры перапісе назвалі нацыянальнасьць «рускі». Расея неаднаразова крытыкавала прававы статус неграмадзян.

Сочыць за «русафобіяй» і «нацызмам» у краінах Балтыі і расейскае Міністэрства замежных спраў. У кастрычніку 2021 году, калі Расея сьцягвала войскі да мяжы з Украінай, расейскае МЗС апублікавала вялікі даклад пад загалоўкам «Аб сытуацыі з гераізацыяй нацызму, распаўсюджваньні нэанацызму і іншых відаў практыкі, якія спрыяюць эскаляцыі сучасных формаў расізму, расавай дыскрымінацыі, ксэнафобіі і нецярпімасьці».

Цяпер гэты дакумэнт выдалены з сайта МЗС Расеі, але засталася яго архіўная вэрсія. У сьпісе тых, хто, паводле вэрсіі расейскіх уладаў, «гераізуе нацызм», — 41 краіна, ад Аўстраліі да Японіі.

У гэтым дакладзе першае месца па згадках мае Ўкраіна, на другім месцы Латвія, далей ідуць Літва і Эстонія. Паміж наратывамі расейскага МЗС пра Ўкраіну і Латвію ёсьць шмат агульнага: расейскія ўлады гавораць пра гераізацыю нацысцкіх фігураў і рухаў як ва Ўкраіне, гэтак і ў Латвіі. У дакладзе гэта падаецца як спроба гэтых краін перапісаць гісторыю і абяліць нацысцкіх памагатых.

Пры гэтым як у Латвіі, так і ва Ўкраіне дэманстрацыя нацысцкай сымболікі забароненая, і парушэньне закону можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць.

Таксама ў абодвух выпадках робіцца акцэнт на «русафобіі» і «антысаветызьме». МЗС Расеі апісвае сытуацыю як «пагрозьлівую для агульнай гістарычнай і культурнай спадчыны».

Праз чатыры месяцы пасьля публікацыі гэтага дакладу Расея пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а рыторыка расейскіх уладаў у адносінах да краінаў Балтыі стала больш жорсткай.

Падрыхтоўка балтыйскіх краінаў да вайны

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне краіны, суседнія з Расеяй, у тым ліку краіны Балтыі, сур’ёзна заклапаціліся абаронай: сілы NATO праводзяць у рэгіёне вучэньні па адпрацоўцы сумесных дзеяньняў саюзьнікаў — перакіданьня войскаў і рыштунку ў выпадку рэальнай атакі.

У траўні 2024 году ў Эўропе прайшлі супрацьпаветраныя вучэньні Astral Knight 2024 з удзелам больш як 50 самалётаў і каля пяці тысяч вайскоўцаў з ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі.

Таксама краіны Балтыі будуюць абарончыя структуры на межах з Расеяй і Беларусьсю — так званую балтыйскую лінію абароны, якая можа спыніць ці хаця б запаволіць прасоўваньне расейскіх і беларускіх войскаў у выпадку магчымага нападу.

Акрамя гэтага, краіны, якія мяжуюць з Расеяй ва Ўсходняй Эўропе — ад Нарвэгіі да Польшчы — зьбіраюцца пабудаваць «сьцяну дронаў» — гэта значыць, што бесьпілётнікі будуць «пакрываць» мяжу з Расеяй на ўсёй яе працягласьці ў краінах, якія ўдзельнічаюць у праекце, адсочваючы перамяшчэньні па той бок мяжы і папярэджваючы пра іх.

Латвія ў 2023 годзе вярнула абавязковую тэрміновую службу ў войску — да таго ў краіне была толькі прафэсійная вайсковая служба па кантракце. У Літве да 2027 году плянуецца разьмясьціць нямецкую брыгаду зь пяці тысяч чалавек.

Зьнішчальнікі NATO кругласутачна сочаць за бясьпекай паветранай прасторы ў рэгіёне Балтыйскага мора, а ў Латвіі сёлета ўпершыню разьмясьцілі місію вайскова-паветраных сілаў альянсу.

Пагроза вайны з краінамі Балтыі: што гавораць улады Расеі і Беларусі

Нягледзячы на тое, што балтыйскія краіны рыхтуюцца абараняцца ад патэнцыйнага нападу з боку Расеі, расейская прапаганда падае гэта як пагрозу нападу з боку NATO. У навінах акцэнт робіцца на тым, што вучэньні NATO праводзяцца побач з Расеяй, каб пасьля напасьці на яе.

Напрыклад, у студзені 2021 году Расея публікуе даклад з прагнозамі, у якіх нібыта празь дзеяньні NATO канфлікт на ўсходзе Ўкраіны пераходзіць у гарачую стадыю, Расею абвінавачваюць у збройным умяшаньні, а ў краінах Балтыі пачынаюцца масавыя хваляваньні праз сацыяльна-эканамічны крызіс, і Расею абвінавачваюць у падбухторваньні гэтых хваляваньняў. Далей прагноз пераходзіць да адкрытага супрацьстаяньня Расеі з NATO і акупацыі краінамі NATO Калінінградзкай вобласьці.

У чэрвені 2024 году выданьне Politico напісала пра вучэньні з удзелам нямецкіх танкаў і войскаў у Літве — у Расеі гэта назвалі сур’ёзным настроем «уступіць у вайну з РФ».

Нярэдка гучаць і правакацыйныя выказваньні, як, напрыклад, у этэры дзяржаўных расейскіх тэлеканалаў ад 23 сакавіка 2024 году, калі адсутнасьць спачуваньняў ахвярам тэракту ў «Крокус сіці холе» ў Маскоўскай вобласьці з боку латвійскіх уладаў прыраўноўваецца да ўхваленьня тэракту і веданьня пра яго загадзя.

У красавіку ў расейскіх СМІ зьявілася навіна, што «супрацоўнікі спэцслужбаў Латвіі і Літвы ў памежных пунктах пропуску робяць спробы завэрбаваць грамадзян Расеі і Беларусі». У той жа час служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі рэкамэндавала сваім грамадзянам ня езьдзіць у Беларусь і Расею праз высокую рызыку вэрбоўкі з боку беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.

Не падабаецца расейскаму боку і тое, што Латвія вырабляе дроны для Ўкраіны і патрабуе даць Украіне права выкарыстоўваць заходнюю зброю для ўдараў па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі — для Расеі гэта «эскаляцыя канфлікту».

У траўні 2024 году расейская прапаганда заявіла, што NATO «фармуе сетку кібэрлябараторый па пэрымэтры межаў Расеі: у Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі, Румыніі, а ў пэрспэктыве — у Грузіі і Малдове», каб атакаваць Маскву.

Пацьверджаньняў гэтаму не было, але ёсьць зьвесткі пра кібэратакі з боку Расеі супраць Латвіі: паводле ўстановы кібэрбясьпекі CERT.lv, з 2022 году аб’ём кібэрынцыдэнтаў у Латвіі павялічыўся на 40%, а колькасьць кібэратакаў на дзяржаўныя ўстановы і крытычна важную інфраструктуру — у чатыры разы. У другім квартале 2024 году колькасьць спробаў узлому дасягнула двухгадовага максымуму, а з пачатку году вырасла на 56%.

У верасьні 2024 году ўлады Беларусі заявілі аб правакацыях на мяжы з боку Ўкраіны і Польшчы, якія нібыта ладзяць Літва, Латвія і Эстонія. Тады ж у Менск з працоўным візытам прыехала дэлегацыя расейскіх вайскоўцаў. Адной з мэтаў візыту была падрыхтоўка да сумесных стратэгічных вучэньняў Беларусі і Расеі, заплянаваных на 2025 год.

У лістападзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея не зьбіраецца нападаць на Ўкраіну, Польшчу, Літву ці Латвію празь Беларусь.

Сувальскі калідор і магчымыя сцэнары нападу Расеі

Сувальскі калідор — адно з самых уразьлівых месцаў, якое вайсковыя аналітыкі лічаць наступным пунктам нападу з боку Расеі. Гэта зона паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю Расеі, празь якую краіны Балтыі зьвязаныя з астатнімі краінамі Эўразьвязу.

Былы камандуючы войскам ЗША ў Эўропе Бэн Годжэс заяўляў, што калі Расея прыме рашэньне напасьці на краіны NATO, дык, вядома ж, яна захоча адрэзаць гэты калідор, каб ізаляваць Эстонію, Латвію і Літву ад астатніх краінаў альянсу.

«Тады, па адным сцэнары, яны спыняцца. І скажуць: вы сапраўды хочаце вайну, ядзерную вайну за Літву? Эскаляцыя ці дээскаляцыя? І калі саюзьнікі скажуць „не“, гэта будзе падзеньнем NATO. Гэта іх мэта — раскалоць NATO. Аддзяліць ЗША ад Эўропы», — казаў ён.

Кампутарная сымуляцыя амэрыканскага аналітычнага цэнтру RAND Corporation у 2014–2015 гадах паказвала, што Расея здольная захапіць краіны Балтыі за 60 гадзін.

У ліпені 2023 году кіраўнік камітэту Дзярждумы Расеі па абароне Андрэй Картапалаў заявіў, што Сувальскі калідор «у выпадку чаго» «вельмі патрэбны» Расеі, і дадаў, што «гатовы ўдарны кулак», які «возьме калідор за лічаныя гадзіны».

А на пачатку 2024 году нямецкі таблёід Bild апублікаваў артыкул, у якім сьцьвярджалася, што Расея плянуе захапіць Сувальскі калідор і інсцэнаваць памежны канфлікт са шматлікімі ахвярамі ў канцы 2024 году, каб у 2025 годзе пачаць адкрытае супрацьстаяньне з NATO.

Яшчэ адзін сцэнар атакі з боку Расеі на краіны Балтыі, гэтым разам у 2027 годзе, змадэляваў амэрыканскі Цэнтар вывучэньня канфліктаў новага пакаленьня сумесна з экс-генэраламі NATO. Паводле яго, у выпадку нападу Расея зможа захапіць Латвію і частку Літвы за 10 дзён, адначасова наступаючы зь Беларусі і Калінінграду.

Паводле плянаў NATO, у выпадку блякады краін Балтыі вайскоўцам спатрэбіцца да 180 дзён на вызваленьне рэгіёну. Пры гэтым пяты артыкул пагадненьня NATO дагэтуль выклікае спрэчкі, і ў Крамлі пра гэта ведаюць.

Паводле артыкула 5, напад на любую краіну NATO лічыцца нападам на ўвесь альянс. Аднак паводле гэтага артыкула іншыя краіны павінны неадкладна ажыцьцявіць дзеяньне, якое палічаць неабходным, у тым ліку прымяненьне збройнай сілы. Гэта значыць, што краіны NATO могуць аказваць дапамогу ў любой форме, не абавязкова даючы ўзбраеньні альбо вайскоўцаў.

Пасьля ўступленьня Швэцыі і Фінляндыі ў NATO Балтыйскае мора аточанае краінамі альянсу. У выпадку нападу Расеі на краіны Балтыі доступ да Калінінграду для ўзбраеньняў і вайскоўцаў РФ можа быць перакрыты па моры.

Для ізаляцыі краінаў Балтыі ад астатніх краінаў NATO расейскае войска павінна ня толькі захапіць Сувальскі калідор, але і ўтрымліваць яго. Вайсковыя аналітыкі лічаць, што такі сцэнар малаверагодны, бо Расея ня мае перавагі ў паветры для працяглай абароны Сувальскага калідора.

Аналітыкі таксама кажуць пра магчымы «ўкраінскі сцэнар 2014 году» ў Балтыі. У 2018 годзе на ўсходзе Латвіі вайскоўцы адпрацоўвалі легенду, паводле якой у рэгіёнах, якія мяжуюць з Расеяй, успыхвае паўстаньне, у якім прарасейскія сілы патрабуюць зьмены ўлады.

Ці мае Расея рэсурсы?

Распаўсюджана думка, што Расея цяпер занадта занятая вайной ва Ўкраіне, таму ня мае рэсурсаў для вайны з краінамі Балтыі.

Тым часам журналісты-расьсьледавальнікі з эстонскага мэдыя «Экспрэс» па спадарожнікавых здымках выявілі некалькі месцаў дысьлякацыі расейскіх войскаў непадалёк ад межаў з краінамі Балтыі. Частка тэхнікі на прымежных базах — новая.

На раньніх здымках 2022 году паркоўкі на базах былі пустыя, але да лета 2024-га КАМАЗы, танкі і бронетранспартэры вярнуліся на месцы. Экс-кіраўнік Сіл абароны Эстоніі Марцін Херэм у камэнтары журналістам заявіў, што гэта сьведчыць пра здольнасьць расейскага войска хутка аднаўляцца.

За 120 кілямэтраў ад мяжы з Эстоніяй, у Лузе, разьмешчаны адзін з найбуйнейшых вайсковых цэнтраў ВС РФ. Там месьціцца брыгада, якая мае 12 ракетных комплексаў «Іскандэр». Далёкасьць іх дзеяньня — 500 кілямэтраў. А асабовы склад налічвае больш за тры тысячы вайскоўцаў.

Таксама «Іскандэры» сканцэнтраваныя і ў Калінінградзкай вобласьці. Ракетнымі комплексамі ў Лузе і Калінінградзе Расея здольная накрыць усе краіны Балтыі.

Нягледзячы на распаўсюджаную думку, што вайсковая тэхніка Расеі састарэла і была вырабленая яшчэ ў СССР, расейская вайсковая прамысловасьць актыўна вырабляе новае ўзбраеньне.

Спэцыялісты Ўзброеных сілаў Украіны рэгулярна вывучаюць падбітую і зьнішчаную расейскую тэхніку. Многія ўзоры былі зробленыя зусім нядаўна і ўтрымліваюць заходнія кампанэнты.

Як пішуць журналісты выданьня «Экспрэс», Захад мяркуе, што ў 2022–23 гадах Расея імпартавала з Тайваня такарныя і фрэзэрныя станкі з кампутарным кіраваньнем, і гэта дазваляе ствараць новую тэхніку.

Актыўныя вучэньні і новая тэхніка відаць на спадарожнікавых здымках і пад Пецярбургам — у Каменцы. Да эстонскай Нарвы адсюль 100 кілямэтраў. У асабовым складзе часткі — больш за чатыры тысячы вайскоўцаў. На здымках 2022 году база пуставала, але ў чэрвені 2024-га на здымках знайшлі навучальны палігон з намётавым мястэчкам, разьлічаным прыкладна на дзьве тысячы вайскоўцаў. А тэхнічны парк базы папоўніўся 40 грузавікамі і лёгкімі бронемашынамі.

У выпадку наземнай апэрацыі супраць краінаў Балтыі Расея можа разьмясьціць вайскова-паветраныя сілы на аэрадроме Хацілава паміж Масквой і Пецярбургам. Побач з авіябазай — буйныя склады боепрыпасаў, самы сучасны зь якіх пабудаваны сёлета.

Таксама ў Калінінградзкай вобласьці ёсьць аэрадромы для базаваньня бамбавікоў, парты для вайсковых караблёў, радары далёкага дзеяньня, ядзерныя бункеры і абсталяваньне для радыёэлектроннай барацьбы. Так таксама месьціцца сама меней дзясятак ракетных і збройных арсэналаў, частка зь іх была пашыраная і абноўлена за апошнія гады. І хоць Расея перакінула да 70% вайсковай тэхнікі з Калінінграду ва Ўкраіну, вайсковы флёт і ракетныя войскі гэта практычна не закранула.

Больш за тое, на балтыйскім напрамку Расея актыўна разьвівае выведную і дывэрсійную інфраструктуру. Напрыклад, па спадарожнікавых здымках відаць, што ў пасёлку Паруснае за 15 км ад базы Балтыйскага флёту Расея пабудавала новы корпус і адрамантавала верталётную пляцоўку.

Яшчэ ў 2023 годзе Расея пачала будаваць у Калінінградзкай вобласьці радыёлякацыйную станцыю «Кантэйнэр», у яе склад уваходзіць радарная сыстэма са 150 антэнамі, якія могуць выяўляць заходнія самалёты і ракеты на адлегласьці да трох тысячаў кілямэтраў. Гэта дазволіць Расеі сачыць за ўсёй Эўропай. Сыстэму празвалі «Калінінградзкім монстрам».

Заклапочанасьць Захаду выклікае і нарошчваньне Расеяй ядзернага патэнцыялу ў Калінінградзкай вобласьці. Польскае Міністэрства абароны заяўляла, што пасьля анэксіі Крыму асаблівую ўвагу расейскае кіраўніцтва аддае караблям, самалётам і ракетным сыстэмам, здольным несьці ядзерныя боегалоўкі. Так, у склад Балтыйскага флёту былі ўведзеныя дзевяць новых ракетных караблёў клясы «Буян-М» і «Каракурт», яшчэ два зьявяцца да канца году. Яны абсталяваныя ракетамі «Калібр-НК», якія могуць несьці ядзерную баявую частку.

А за апошняе дзесяцігодзьдзе бункерны склад ядзернай зброі ў Кулікове ў Калінінградзкай вобласьці быў капітальна адрамантаваны. Паводле ацэнак польскага боку, на складах можа знаходзіцца да 100 ядзерных боегаловак на адлегласьці ўдару па Варшаве і Бэрліне.

У 2022 годзе тагачасны міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што да 2026 году Мінабароны павялічыць колькасьць вайскоўцаў да паўтара мільёна чалавек. Тады ж Расея заяўляла, што ў Заходняй вайсковай акрузе будзе сканцэнтравана каля 120 тысяч вайскоўцаў і тысяча танкаў.

Насельніцтва ўсіх краінаў Балтыі — каля шасьці мільёнаў чалавек. Пры гэтым, ня лічачы кантынгенту NATO, у пастаянным складзе арміі Эстоніі — каля чатырох тысяч чалавек, Латвіі — каля васьмі тысяч, Літвы — каля дваццаці тысяч. Але Расея ўсё адно заяўляе, што пагроза ідзе не ад яе, а ад балтыйскіх суседзяў.

Адзін з экспэртаў, зь якім размаўлялі журналісты пры падрыхтоўцы матэрыялу, назваў напад на балтыйскія краіны «вар’яцтвам». Аднак да 24 лютага 2022 году многія лічылі нізкай і імавернасьць нападу на Ўкраіну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG