Расейская дэлегацыя на пасяджэньні Камітэту ААН супраць катаваньняў паабяцала, што ва ўсіх калёніях краіны пройдзе рэвізія камэраў відэаназіраньня і відэарэгістратараў, якія носяць на форме супрацоўнікі Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП).
Напярэдадні сьпікер Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка, якая назвала зьдзекі ў яраслаўскай калёніі «жахлівым злачынствам», прапанавала падзяліць ФСВП на грамадзянскае і сілавое ведамства. Крыніцы РБК сёньня паведамілі, што адным з варыянтаў рэформы зьяўляецца скасаваньне службы бясьпекі ФСВП, праца якой «накіравана не на выяўленьне парушэньняў, а на іх утойваньне».
Па справе аб катаваньнях у яраслаўскай калёніі арыштавана шэсьць чалавек. Яшчэ ў некалькіх рэгіёнах на гэтым тыдні паведамілі пра крымінальныя справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў калёній і паліцэйскіх, якіх абвінавачваюць у гвалце з асуджаных і затрыманых.
У ходзе праведзенага напярэдадні пасяджэньня Камітэту ААН расейскім прадстаўнікам задалі пытаньні ня толькі пра інцыдэнт у яраслаўскай калёніі, піша расейскае выданьне «Камэрсант».
У сваім адказе экспэртам Камітэту ААН начальнік галоўнага ўпраўленьня па наглядзе за сьледзтвам Валерый Максіменка, у прыватнасьці, заявіў, што пракуратура не знайшла пацьверджаньня заяваў пра катаваньні і згвалтаваньне інжынэра Валерыя Пшанічнага, які загінуў у СІЗА Санкт-Пецярбургу, перасьледзе геяў у Чачні і фальсыфікацыі справы кіраўніка чачэнскага «Мэмарыялу» Аюба Ціціева.
На зададзеныя Камітэтам ААН супраць катаваньняў пытаньні аб забойстве Ганны Паліткоўскай, ужываньне катаваньняў да абвінавачаных па справе «Сеткі» і законе аб «замежных агентах» расейская дэлегацыя адказваць не стала.
Расейскі чыноўнік заявіў, што зьняволены сам правакаваў катаваньні
Відэа з катаваньнямі ў яраслаўскай ВК-1 апублікавала «Новая газэта» у пятніцу, 20 ліпеня. Аб жорсткіх зьбіваньнях у гэтай калёніі было вядома з красавіка 2017 году: тады на катаваньні скардзіліся трое вязьняў.
Праз два дні пасьля публікацыі роліка ад службы адхілілі 17 супрацоўнікаў калёніі. Яны, як мяркуецца, прымалі ўдзел у зьбіцьці зьняволенага, іх апазналі на відэа. Зьявіліся непацьверджаныя паведамленьні пра затрыманьні дваіх супрацоўнікаў ПК-1.
23 ліпеня СК паведаміў аб затрыманьні шасьцёх супрацоўнікаў ПК-1, па словах сьледчых, апазнаны ўсе ўдзельнікі зьбіцьця асуджанага.