Аўтарытэтны бізнэс-часопіс для выдаўцоў кніг The Bookseller выдаецца ў Вялікай Брытаніі з 1858 году. Андрэй Янушкевіч прысьвяціў публікацыю цэнзуры ў Беларусі і перасьледу выдаўцоў уладамі краіны.
Асновай для апісаньня сучаснага стану выдавецкай справы ў Беларусі паслужыла гісторыя, якая адбылася з самім выдавецтвам «Янушкевіч». У матэрыяле апісаныя этапы перасьледу супрацоўнікаў выдавецтва і далейшыя забароны, пра што добра вядома беларусам, але мала ці зусім не вядома замежнай, у прыватнасьці брытанскай, публіцы.
«Абыходжаньне з намі было часткай сыстэмнай атакі на незалежны выдавецкі сэктар Беларусі. Пад прыцэлам былі ня толькі мы. Ахвярамі былі і застаюцца іншыя беларускія выдавецтвы. „Галіяфы“, напрыклад, былі вымушаныя распачаць працэдуру банкруцтва. „Кнігазбор“, нягледзячы на спробы ўстаць на ногі і аднавіць дзейнасьць, таксама быў вымушаны зачыніцца. Сёньня ў Беларусі немагчыма свабодна працаваць і вызначаць уласную выдавецкую палітыку», — адзначае Андрэй Янушкевіч.
У студзені 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасьць. З таго часу яму не дазваляюць выдаваць кнігі ў Беларусі.
«20 студзеня я стварыў паўнавартаснае выдавецтва, якое функцыянуе як польская юрыдычная асоба. З таго часу мы выдалі больш за 20 кніг на беларускай мове і дасылаем кнігі ў Беларусь. Можна сьцьвярджаць, што наша вымушанае перасяленьне зь Беларусі ў Польшчу ўдалося.
Але пакуль у мяне ёсьць ліцэнзія на распаўсюд кніг у Беларусі, і я мог прадаваць тыя, што выдаў раней, іх амаль ніхто не бярэ на продаж, бо на мне „чорная метка“. Гэта наступствы татальнага страху ў грамадзтве.
З тых выдаўцоў, якія зьехалі зь Беларусі, ніхто не працягвае выдаваць. Цяпер яны займаюцца іншымі справамі: некаторыя перайшлі на пісьменьніцтва, напрыклад», — адзначыў Янушкевіч.
Аўтар артыкула адзначае, што ў Беларусі зьявіліся новыя выдавецтвы, якімі кіруюць новыя людзі. Аднак яны не выдаюць кніжак з моцным сацыяльным падтэкстам. І калі нешта зьяўляецца, то гэта «нэўтральная» літаратура ці разьлічаная на дзяцей. А тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, пакінулі свой бізнэс, бо ў Беларусі больш няма магчымасьцяў для дзейнасьці.
«Пэрспэктывы разьвіцьця беларускай культуры, беларускай мовы і беларускай кніжнай галіны пры Лукашэнку вельмі кепскія. Гэта будзе імітацыя, адзінкавыя кавалачкі культуры на фальклёрным або этнаграфічным грунце. Больш нічога, баюся», — піша Янушкевіч.
Перасьлед незалежных беларускіх выдаўцоў
- Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, са жніўня 2020 году, больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў зьехалі зь Беларусі за мяжу.
- Вясной 2022 году Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы дзейнасьць 4 незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў на беларускай мове: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс» і «Кнігазбор». Праз 3 месяцы выдавецтвы паспрабавалі прайсьці пераатэстацыю ў Міністэрстве юстыцыі, але бяз посьпеху.
- У кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.
- Пасьля працяглага перасьледу 10 студзеня 2023 году выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі і права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь.
- У траўні 2023 году суд у Менску зьліквідаваў выдавецтва Зьмітра Коласа, якое спэцыялізавалася на беларускамоўнай літаратуры.
- У кастрычніку 2023 году Менскі гарвыканкам ліквідаваў выдавецтва «Кнігазбор», якое працавала амаль 28 гадоў.