Журналісты Ўкраінскай службы Радыё Свабода стварылі спэцпраект «Груз 200». У ім сабраная інфармацыя пра крымчанаў, якія сталі ўдзельнікамі ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны і загінулі.
Усе зьвесткі ўзятыя з адкрытых крыніц, у тым ліку заяў расейскіх афіцыйных асобаў, паведамленьняў сваякоў загінулых у сацыяльных сетках, публікацый у крымскіх і расейскіх СМІ.
Усяго журналісты адшукалі 1000 загінулых асобаў, але адзначаюць, што сьпіс пастянна папаўняецца з паступленьнем новай інфармацыі.
Знайсьці патрэбную асобу можна па прозьвішчы ці паводле трох градацый — рэгіёне Крыму, характары службы і году сьмерці. Праект працуе на дзьвюх мовах — украінскай і расейскай.
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну рэдактары праекту Радыё Свабода «Крим.Реалії» зьбіралі інфармацыю з адкрытых крыніц і парадкавалі яе. У базу ўваходзяць жыхары ўсіх рэгіёнаў паўвострава. У сьпісе ў асноўным кантрактнікі і кадравыя вайскоўцы, ёсьць таксама мабілізаваныя, прызыўнікі і вайсковаабавязаныя.
«Гэтая інфармацыя важная для жыхароў Крыму і іншых акупаваных тэрыторый, бо расейскія ўлады ўтойваюць рэальныя страты. „Крим.Реалії“ працягне працу над базай», — абяцаюць журналісты.
Форум