«Мы зробім усё, каб забясьпечыць бясьпеку Беларусі. Гэта мы робім па ўзгадненьні з кіраўніцтвам Беларусі, з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам», — заявіў у Маскве Ўладзімір Пуцін у часе вялікай прэсавай канфэрэнцыі, аб’яднанай з прамой лініяй з расейскімі рэгіёнамі. [Пасьля выбараў 2020 году, калі іхныя вынікі сфальсыфікавалі і жорстка разагналі акцыі пратэсту, заходнія краіны не прызналі Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. Ягоную перамогу прызналі пераважна краіны СНД, Афрыкі і Азіі. — РС]
Уладзімір Пуцін дадаў, што ядзерная дактрына Расеі прадугледжвае абарону «ўсёй саюзнай дзяржавы».
«Мы абвясьцілі аб тым, што, калі такія ж пагрозы будуць стварацца для нашага хаўрусьніка, сябра саюзнай дзяржавы, для Беларусі, то Расейская Фэдэрацыя будзе гэта разглядаць таксама, як стварэньне аналягічных пагроз для самой Расеі», — патлумачыў ён.
«Мяркую, што гэта важная кампанэнта абноўленай ядзернай стратэгіі Расейскай Фэдэрацыі», — дадаў Уладзімір Пуцін.
Пры гэтым расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што новая ядзерная дактрына разьлічана, у тым ліку, і на тыя пагрозы, што могуць ствараць «няядзерныя краіны», якія могуць удзельнічаць у агрэсіі супраць Расеі разам зь ядзернымі краінамі.
«Калі такія краіны таксама будуць, як і іхныя хаўрусьнікі, ствараць пагрозу нашаму сувэрэнітэту, існаваньню Расеі, то тады мы маем на ўвазе, што маем права выкарыстоўваць і супраць іх нашу ядзерную зброю», — падкрэсьліў Уладзімір Пуцін.
Апроч таго, прэзыдэнт Расеі зноў пахваліўся характарыстыкамі новай ракеты «Арэшнік» і прапанаваў Захаду правесьці экспэрымэнт на тэрыторыі Ўкраіны — расейцы выбяруць каардынату для нанясеньня ўдару, а Ўкраіна паспрабуе зьнішчыць яе пры дапамозе заходніх сродкаў супрацьпаветранай абароны.
«Няхай вызначаць нейкі аб’ект для паражэньня, скажам, у Кіеве, сканцэнтруюць там усе свае сілы СПА і ПРА, а мы нанясем туды ўдар „Арэшнікам“, і паглядзім, што будзе. Мы да такога экспэрымэнту гатовыя. Ці гатовы іншы бок? Мы ў любым выпадку гэта не выключаем. Маю на ўвазе, што ўсе сыстэмы ПРА і СПА ўсё роўна знаходзяцца ў іх у працы», — прапанаваў Пуцін.
Прэзыдэнт Расеі дадаў, што для яго гэта будзе «цікава».
«Правязем такі экспэрымэнт, такую тэхналягічную дуэль і паглядзім, што выйдзе. Цікава. Мяркую, што будзе карысна і для нас, і для амэрыканскага боку», — адзначыў ён.
Што папярэднічала
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне спачатку Расея, а потым і Беларусь пачалі шантажаваць Захад магчымым выкарыстаньнем ядзернай зброі. У канцы красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея разьмясьціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў, а ў лістападзе Расея правяла практычнае «выпрабаваньне» новай ракеты «Арэшнік» і выкарыстала яе для абстрэлу ўкраінскага горада Дніпро.
У пачатку сьнежня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзіміру Пуціну разьмясьціць гэтыя ракеты на тэрыторыі Беларусі.
7 сьнежня намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк паведаміў, што ракетны комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі ў адказ «на пляны ЗША разьмясьціць у Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці».
Форум