Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерная кнопка ў руках Лукашэнкі. Меркаваньне экспэрта ў ядзернай зброі Старчака


Самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі комплексу «Іскандэр-М» каля першага пабудаванага для іх ангара на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. 30 жніўня 2023
Самаходная пускавая ўстаноўка з ракетамі комплексу «Іскандэр-М» каля першага пабудаванага для іх ангара на тэрыторыі вайсковай часткі ў Асіповічах. 30 жніўня 2023

Апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча Свабода папрасіла пракамэнтаваць экспэрта ў ядзернай зброі, навуковага супрацоўніка Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе Максіма Старчака.

— 6 сьнежня дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што Аляксандар Лукашэнка можа выкарыстаць ядзерную зброю, якая разьмешчаная на тэрыторыі краіны: «У кожнага прэзыдэнта свая „чырвоная кнопка“, свой партфэль, свая „ядзерная валізка“. Зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, мае права прымяніць толькі прэзыдэнт Беларусі. А тую зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, мае права прымяніць і даць каманду толькі прэзыдэнт Расеі».

Сам Лукашэнка 10 сьнежня, выступаючы ў Барысаве, сказаў: «Прынамсі пасьля Хірасімы, Нагасакі ніхто яшчэ кнопку ядзернай зброі не націснуў. Але я папярэдзіў усіх сваіх ворагаў, "сяброў" і праціўнікаў: калі толькі вы наступіце на лінію дзяржаўнай мяжы, адказ будзе імгненны. Я ня буду глядзець — ядзерную зброю ці яшчэ нейкую».

Максім Старчак
Максім Старчак

— Я не разумею, што нясе Лукашэнка. Кнопкі для тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) не бывае. Кнопка для «Арэшніка» можа быць, калі разумець гэтую ракету як няядзерную. Калі б «Арэшнік» у Беларусі меркавалася разьмясьціць ядзерны, то да яго была б кнопка. Але гэта азначала б, што Расея парушае Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ).

У любым выпадку любая ядзерная зброя, калі яна ёсьць на тэрыторыі Беларусі, бяз згоды Расеі ня можа быць ужытая ў любых канфігурацыях кіраваньня. Лукашэнка можа прапаноўваць цэлі, прапаноўваць выкарыстаць ядзерную зброю, але яму патрэбная згода Пуціна. Калі «Арэшнік», які мяркуецца разьмясьціць у Беларусі, будзе няядзерны, то тэарэтычна Лукашэнка можа яго выкарыстоўваць самастойна, але я ў гэта зусім ня веру — гэта хутчэй палітычная заява, чым рэальныя магчымасьці.

— Пра ядзерную кнопку ў руках Лукашэнкі казаў Вальфовіч, кіраўнік беларускай Рады бясьпекі. А як насамрэч уладкаванае кіраваньне ТЯЗ? На прыладзе ёсьць жа, мабыць, нейкі код, які трэба актываваць пры выкарыстаньні?

Загад беларускаму лётчыку зь ядзернай бомбай на борце выкарыстаць яе будзе ж фармальна аддаваць Лукашэнка як галоўнакамандуючы беларускім войскам? Можа, яны гэта і лічаць «чырвонай кнопкай»?

— Расейская ТЯЗ знаходзіцца пад кантролем 12-га галоўнага ўпраўленьня Міністэрства абароны РФ, яны выкарыстоўваюць свае працэдуры захоўваньня, перавозкі і загрузкі на носьбіты. Адпаведна, каб выкарыстаць ТЯЗ, Уладзімір Пуцін павінен даць каманду Генштабу, Генштаб — свайму 12-му галоўнаму ўпраўленьню і 20-й арміі. Да гэтага Лукашэнка мусіць зьвярнуцца да Пуціна, што хоча выкарыстаць ТЯЗ. Пуцін сваім вайскоўцам дае каманду.

Але ёсьць пытаньне: сумесна ці не вырашаецца пытаньне аб мэце выкарыстаньня. Ці можа Лукашэнка бяз Пуціна вырашыць, што ён будзе выкарыстоўваць ядзерную зброю, скажам, па Вільні, а не па Познані? Незразумела, як яны дамовіліся наконт працэдураў.

Іншае пытаньне, што беларускае войска цалкам уваходзіць у сумесную рэгіянальную групоўку РФ і Беларусі, а ёю кіруе расейскі генэрал (прынамсі, на вучэньнях так было). Я вельмі моцна сумняюся, што без удзелу ці ўзгадненьня з расейскім камандаваньнем беларускія самалёты зь ядзернай зброяй кудысьці паляцяць. Як мінімум узгодняць мэты і задачы.

Уявіць гэта так, што беларускі самалёт атрымлівае са склада ядзерную бомбу і на загад Лукашэнкі ляціць бамбаваць Латвію ці Літву, вядома, можна. Але Беларусь ніяк ня зможа абысьці Ўзброеныя сілы РФ і праявіць поўную самастойнасьць. Ядзерная зброя па-ранейшаму — уласнасьць РФ, і як яна выкарыстоўваецца — залежыць ад РФ. Як бы Беларусь ні спрабавала паказаць сваю аўтаномнасьць, калі нешта адбудзецца, міжнародная супольнасьць будзе пытацца з Расеі.

У цэлым мне апошнія беларускія заявы пра ядзерныя «кнопкі» і «валізкі» незразумелыя. Я пакуль бачу, што гаворка ідзе аб выкарыстаньні няядзернага «Арэшніка» — толькі так можна растлумачыць словы аб магчымым выкарыстаньні зброі самастойна.

— Калі Пуцін у сакавіку 2023 году толькі абвясьціў аб увядзеньні ТЯЗ у Беларусь, ён казаў, што Расея капіюе натаўскую праграму Nuclear sharing, у межах якой ЗША разьмяшчаюць ядзерную зброю на тэрыторыі сваіх няядзерных саюзьнікаў.

А ў рамках Nuclear sharing — хто можа аддаць загад выкарыстоўваць гэтую зброю? Самалёты — носьбіты бомбаў належаць краінам базаваньня (Нямеччыне, Нідэрляндам, Бэльгіі, Італіі); лётчыкі, навучаныя выкарыстоўваць гэтую зброю, — вайскоўцы адпаведных краін базаваньня.

Дзярждэпартамэнт ЗША ў 1967 годзе даваў перад ратыфікацыяй Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі тлумачэньне , чаму Nuclear sharing дамове не супярэчыць.

«Пытаньне: ці забараняе праект дамовы разьмяшчэньне ядзернай зброі, якая належыць і кантралюецца Злучанымі Штатамі, на тэрыторыі бязьядзерных чальцоў NATO?

Адказ: у праекце не разглядаюцца дамоўленасьці аб разьмяшчэньні ядзернай зброі на тэрыторыі саюзьнікаў, паколькі яны не прадугледжваюць перадачы ядзернай зброі або кантролю над ёю, за выключэньнем сытуацыяў, калі будзе прынятае рашэньне пачаць вайну. Тады дамова больш ня будзе дзейнічаць».

Іншымі словамі, калі NATO абвесьціць аб пачатку ядзернай вайны, то кіраўнік Нямеччыны можа самастойна аддаць загад нямецкаму лётчыку ўжыць ядзерную зброю, не пытаючыся прэзыдэнта ЗША? Я правільна разумею?

— Пытаньне суадносінаў Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі (ДНЯЗ) і сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі ў NATO — дыскусійнае. Яно абмяркоўваецца дагэтуль. Ёсьць меркаваньне, што статус амэрыканскай ядзернай зброі, разьмешчанай у Эўропе, дамове не супярэчыць. Падчас перамоваў наконт ДНЯЗ гэтая інтэрпрэтацыя была даведзеная да СССР, і Масква пярэчаньняў ня мела.

Падчас вайны ДНЯЗ дзейнічаць ня будзе — так кажуць амэрыканскія стратэгі. Пытаньне ўжываньня ядзернай зброі — прэрагатыва Групы ядзернага плянаваньня (ГЯП) NATO. Міністры абароны, якія ўваходзяць у ГЯП, павінны прыняць рашэньне аб вайне. Такое рашэньне павінна таксама быць пасьля гэтага ўхваленае прэзыдэнтам ЗША і прэм’ерам Вялікай Брытаніі — кіраўнікамі дзяржаваў, якія валодаюць ядзернай зброяй. Францыя, дарэчы, у ГЯП не ўваходзіць.

Калі рашэньне ГЯП прынятае, калі амэрыканскі прэзыдэнт і брытанскі прэм’ер яго ўхвалілі, тады так — няядзерныя краіны NATO атрымліваюць права выкарыстаць амэрыканскую ядзерную зброю, якая разьмешчаная на іх тэрыторыі. Што да місіі, мэтаў і задач гэтага ўжываньня — гэта зноў жа ўдзельнікі ГЯП вызначаюць сумесна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG