Увядзеньне электронных візаў прадугледжана пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 16 сьнежня 2024 году, якую 19 сьнежня апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
У пастанове адзначаецца, што палажэньні аб электронных візах набудуць юрыдычную моц праз тры месяцы пасьля афіцыйнай публікацыі дакумэнту.
Электронныя візы будуць выдаваць праз аўтаматычную сыстэму «Консул» на Адзіным партале электронных паслуг Агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы (АПЭП ААІС). Тэхналягічны парадак выдачы такіх візаў вызначаць Міністэрства замежных спраў і Нацыянальны цэнтар электронных паслуг (НЦЭП).
Адзначаецца, што заяву на атрыманьне электроннай візы іншаземец павінен падаць праз асабісты кабінэт у АПЭП ААІС. Яе разгледзяць цягам сямі дзён, і калі заяўніка няма ў сьпісах грамадзян, якім забаронены ўзед у Беларусь, выдадуць аднаразовую электронную візу на тэрмін ня больш за 30 дзён.
Электронныя візы будуць выдаваць іншаземцам, якія зьбіраюцца ў Беларусь з мэтай разьвіцьця дзелавых дачыненьняў, удзелу ў спартовых, культурных, навуковых, адукцыйных мерапрыемствах або для стажыроўкі, а таксама ў прыватных і турыстычных мэтах.
Электронныя візы ня будуць выдаваць у тэрміновым парадку.
Як адзначаецца ў дакумэнце, «аплата электроннай паслугі будзе ажыцьцяўляцца безнаяўным шляхам банкаўскімі карткамі міжнарожных плацёжных сыстэм у парадку, вызначаным заканадаўствам і адпаведнымі дамовамі паміж банкам-экваерам, НЦЭП і МЗС».
Памер сэрвіснага збору таксама будуць вызначаць дамовы паміж банкам-экваерам, НЦЭП і МЗС, а атрымальнікам сэрвіснага збору будзе НЦЭП.
Пры ўезьдзе і ў час знаходжаньня ў Беларусі іншаземец на патрабаваньне кампэтэнтных органаў можа прад’яўляць экзэмпляр візы як у электронным, так і ў папяровым выглядзе.
Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК) Беларусі 13 сьнежня паведаміў аб падаўжэньні бязьвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян эўрапейскіх дзяржаў да 31 сьнежня 2025 году ўключна.
Бязьвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 году для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж году — для жыхароў Польшчы.
Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў тэрмін, апошні раз — да канца 2024 году. 19 ліпеня 2024 году беларускія ўлады распаўсюдзілі бязьвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Эўропы.
Форум