Бязьвізавы ўезд у Беларусь для грамадзян эўрапейскіх дзяржаў працягнулі да 31 сьнежня 2025 году ўключна, паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК).
Адзначаецца, што рашэньне прынятае, «улічваючы папулярнасьць беларускага „бязьвізу“ сярод іншаземцаў».
ДПК сьцьвярджае, што з пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму Беларусь наведала больш за 1 млн грамадзян краін Эўропы.
Найбольшай папулярнасьцю бязьвізавы ўезд карыстаецца ў турыстаў з сумежных краін Эўразьвязу — Літвы, Латвіі, Польшчы, а таксама Нямеччыны, Эстоніі, Італіі, Францыі і Вялікай Брытаніі, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Бязьвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 году для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж году — для жыхароў Польшчы.
Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў тэрмін, апошні раз — да канца 2024 году. 19 ліпеня 2024 году беларускія ўлады распаўсюдзілі бязьвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Эўропы.
Большасьць зь іх рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх. Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, размова аб жыхарах Аўстрыі, Андоры, Бэльгіі, Баўгарыі, Босьніі і Герцагавіны, Ватыкану, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Грэцыі, Даніі, Ірляндыі, Ісьляндыі, Гішпаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксэмбурга, Мальты, Манака, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швайцарыі, Швэцыі і Эстоніі.
Яны могуць уяжджаць у Беларусь бязь візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску «па дзейных дакумэнтах», знаходзіцца на беларускай тэрыторыі «ня больш за 30 дзён з дня ўезду».
Форум