Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За тры дні так страляць з кулямёта не навучысься». Што вядома пра расстрэл мабілізаваных на палігоне пад Белгарадам


Эхсан Амінзада
Эхсан Амінзада

Абставіны расстрэлу адных мабілізаваных іншымі на палігоне ў Белгарадзкай вобласьці Расеі, які адбыўся 15 кастрычніка, да гэтага часу дакладна невядомыя — як і колькасьць загінулых (афіцыйна паведамляецца аб 11).

Мінабароны Расеі назвала тое, што здарылася тэрактам, неафіцыйныя крыніцы гавораць аб канфлікце на рэлігійнай глебе. Родныя аднаго з загінулых маладых людзей, 24-гадовага Эхсана Амінзады, апазналі яго сярод забітых (паводле зьвестак уладаў, ён быў адным з тых, хто страляў).

Блізкія гавораць, што Эхсан Амінзада не быў рэлігійным чалавекам, на вайну ісьці не зьбіраўся. Як яго мабілізавалі, незразумела: Амінзада быў грамадзянінам Таджыкістана, а ў Расеі працаваў паводле патэнту — зарабляў у Маскве на вясельле. Апошні раз ён выйшаў на сувязь з сям’ёй 10 кастрычніка, сказаўшы, што ідзе сустрэцца зь сябрамі, і з таго часу зьнік.

Што вядома пра тое, што здарылася з Эхсанам Амінзадой і іншымі таджыкістанцамі ў Белгарадзкай вобласьці Расеі? Іяк грамадзяне іншых краін, якія прыехалі на заробкі або сядзяць у турмах Расеі, апынаюцца ў арміі? Пра гэта Ірына Рамалійская з «Настоящего времени» распытала Карымджана Ёрава — праваабаронцу, які спэцыялізуецца на абароне правоў мігрантаў з Цэнтральнай Азіі ў Расеі.

— Вельмі шмат супярэчлівай інфармацыі. Пачнем з таго, што нават на гэтай даведцы [аб праходжаньні службы, нібыта выдадзенай маладому чалавеку], усё няправільна напісана, нават прозьвішча няправільна напісана. І пачнем з таго, што падзеі адбыліся а 10 гадзіне раніцы, але пра іх даведаліся фактычна позна ўвечары. І за гэты час было [у афіцыйных уладаў] дастаткова часу, каб прыдумаць сваю вэрсію. Бо мы бачылі, што апошнім часам там і бойкі, і пʼянкі бываюць [з удзелам мабілізаваных]. Магчыма, нехта іншы расстраляў, і знайшлі крайніх, каб выйсьці сухімі з вады.

Уявіце сабе: калі чалавек 10-га зьнік, толькі 11-га туды дабраўся, напрыклад 12-га далі абмундзіраваньне, знаёмства. І ён за тры дні так навучыўся так страляць з кулямёта, каб столькі людзей пакласьці? І плюс на палігонах спачатку павінны нейкімі халастымі кулямі правесьці навучаньне. Усё гэта дзіўна, і тут вельмі яшчэ шмат чаго незразумела. Я думаю, што наступныя некалькі гадоў мы праўды не даведаемся.

— Пра тое, што нападнікі — грамадзяне іншай краіны, кажуць і ў Міністэрстве абароны Расеі. А як увогуле атрымліваецца, што грамадзяне, у гэтым выпадку, як мяркуецца, Таджыкістана, ваююць у шэрагах расейскай арміі?

— У нас былі выпадкі, калі нават у міграцыйным цэнтры «Сахарова», дзе патэнты робяць, людзей адкрыта вэрбуюць. Іх хутчэй прымушаюць падпісваць паперы, чарга вялікая — і людзі не чытаюць, усё падпісваюць, ня ведаючы добра расейскай мовы. Чалавек нам падаў дакумэнт, дзе была галачка [пра яго згоду прайсьці службу]. Ён да нас зьвяртаўся [некаторы час таму], а літаральна ўчора яшчэ раз зьвярнуўся. Ён кажа: «Аказваецца, сапраўды мяне выклікалі ў войска, таму што першы паліцыянт, які мяне праверыў, паглядзеў стыкеры ззаду пашпарта і сказаў, што ў цябе стаіць адзнака, што ты згодзен пайсьці і служыць добраахвотнікам ва Ўкраіне».

— А наагул ці шмат да вас зьвяртаецца выхадцаў з Цэнтральнай Азіі з паведамленьнямі аб тым, што іх сілком мабілізуюць?

— Вельмі многія зьвяртаюцца. З турмаў зьвяртаюцца, зь міграцыйнага цэнтру «Сахарава», проста тэлефануюць. [Кажуць], што ім прапануюць грамадзянства, калі ў іх від на жыхарства ёсьць...

— А з турмаў як гэта адбываецца?

— З турмаў ім кажуць: «Пэўны тэрмін застаўся — альбо ты пойдзеш служыць туды, альбо мы табе яшчэ які-небудзь артыкул дадамо». Або б'юць іх, былі такія выпадкі, што прымушаюць літаральна. Напрыклад, шасьцёра ўзбэкаў з адной калёніі зьвярталіся з Уфы. Такіх выпадкаў вельмі шмат.

— Карымджон, калі мы будзем усё ж абапірацца на тую вэрсію, якая гучыць у СМІ, але яшчэ не пацьверджана, што гэты канфлікт узьнік на рэлігійнай глебе. Па вашых ацэнках, у расейскім войску на рэлігійнай ці на этнічнай глебе канфлікты — гэта распаўсюджаная зьява?

— У расейскім войску ня так ужо распаўсюджана. У турмах — так, але ў расейскім войску — наўрад ці. Па гэтым маладым чалавеку відаць, што ён не рэлігійны, і, зноў жа, у мяне да гэтага часу сумневы, што ён мог карыстацца гэтай зброяй. Я чалавек, які ў свой час прайшоў праз вайну ў Таджыкістане, магу ўпэўнена сказаць, што за тры-чатыры дні нічому такому не навучысься. Тым больш з кулямётам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG