Паводле суразмоўцаў, іхны сваяк прапаў 10 кастрычніка каля станцыі мэтро «Любліна» ў Маскве, а пра ягоную гібель у трэнавальным лягеры ў Белгарадзе сваякі даведаліся ад расейскіх улад 16 кастрычніка.
Старэйшы брат зьніклага, Фіруз Амінзада, паведаміў, што Эхсон зьехаў у Расею сёлета ў сакавіку і працаваў у рэстаране. Фіруз, які таксама жыве і працуе ў Маскве, дадаў, што ў ягонага брата не было расейскага грамадзянства, але меўся дазвол на легальную працу ў Расеі.
«Цяпер мяне выклікалі ў вайсковую пракуратуру [у Маскве]. Учора мне паведамілі пра здарэньне. Як ён апынуўся ў Белгарадзе, мы ня ведаем. Брат ня быў тэрарыстам, і ў яго не было такіх думак. Ён звычайны імігрант, які хацеў працаваць і будаваць сваё жыцьцё», – сказаў Фіруз Амінзода.
Паводле Фіруза, у мінулую нядзелю, 10 кастрычніка, яму патэлефанаваў брат і сказаў, што зьбіраецца сустрэцца зь сябрамі, пасьля чаго ягоны тэлефон быў адключаны. Сябар Эхсона, які не пажадаў назваць сваё імя, сказаў у інтэрвію Радыё Азодзі, што Эхсон ніколі не зьбіраўся ісьці на вайну, ён хацеў зарабіць грошай і як мага хутчэй вярнуцца ў Таджыкістан, каб ажаніцца з каханай дзяўчынай.
«Мы ўсе ў шоку. У той жа вечар ён сказаў, што сустрэў нейкіх знаёмых хлопцаў каля станцыі мэтро „Любліна“ і вернецца дадому позна. Але пасьля ён зьнік. Мы ўсе шукалі яго і падумалі, што ён паехаў да сваіх знаёмых ці [вярнуўся] у Таджыкістан», — сказаў сябар Эхсона.
Таджыдзін Амінзода, бацька Эхсона, які працуе ва ўрадзе Хатлонскай вобласьці, пацьвердзіў у тэлефоннай размове навіну аб сьмерці сына, але сказаў, што ня можа ў гэты момант гаварыць пра яго, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуваньне.
Эхсон Амінзода нарадзіўся ў сяле Заргар Кушанскага раёну Хатлонскай вобласьці на поўдні Таджыкістану.
Што адбылося
Сьпіс тых, хто загінулі ў выніку страляніны на вайсковым палігоне ў Салоці Белгародзкай вобласьці апублікаваў сёньня тэлеграм-канал ASTRA. Сярод тых, хто ўдзельнічаў у расстрэле добраахвотнікаў на палігоне, значыцца імя грамадзяніна Таджыкістану Амінзоды Таджыдзіна.
Раней ASTRA са спасылкай на вайскоўца, які называе сябе відавочцам здарэньня, паведамляла, што масавае забойства на палігоне ў сяле Салоці Белгародзкай вобласьці магло быць часткай канфлікту на рэлігійнай глебе. Выданьне падкрэсьлівае, што да моманту публікацыі не змагло пацьвердзіць ні асобу самога апавядальніка, ні асобы людзей, якіх ён называе ўдзельнікамі канфлікту.
Паводле крыніцы выданьня, канфлікт пачаўся з таго, што трое салдат — дагестанец, азэрбайджанец і адыгеец — захацелі «напісаць рапарты аб тым, што ня хочуць больш служыць», бо гэта «ня іхная вайна». Даведаўшыся пра гэта, адзін з камандзіраў, якога крыніца называе падпалкоўнікам Андрэем Лапіным, нібыта «ўсіх сабраў» і заявіў, што «гэта сьвяшчэнная вайна».
У расказе сьцьвярджаецца, што пасьля гэтага вайскоўцы таджыцкага паходжаньня заявілі, што сьвятая вайна — гэта вайна мусульман супраць няверных; падпалкоўнік у адказ нібыта назваў Алаха «слабаком» ці «баязьліўцам», што «прывяло ў шок» многіх прысутных.
Па словах крыніцы Astra, неўзабаве на стрэльбішчы трое выхадцаў з Таджыкістану, якія служылі па кантракце, папрасілі іншых мусульман адысьці ўбок, «разьвярнулі свае аўтаматы», забілі падпалкоўніка Лапіна і адкрылі бязладную страляніну, забіўшы нібыта яшчэ 29 чалавек. Прапаршчык па прозьвішчы Сямёнаў, пачуўшы страляніну, нібыта забіў дваіх з тых, хто нападаў, і параніў трэцяга, якому ўдалося ўцячы.
- Мінабароны Расеі вечарам 15 кастрычніка паведаміла аб тэракце на вайсковым палігоне ў Белгародзкай вобласьці. Там праходзілі падрыхтоўку добраахвотнікі, якія зьбіраліся ваяваць ва Ўкраіне.
- «У выніку страляніны 11 чалавек атрымалі сьмяротныя раненьні. Яшчэ 15 чалавек з раненьнямі рознай ступені цяжкасьці дастаўленыя ў мэдычную ўстанову, дзе ім аказваецца ўся неабходная дапамога», – паведаміла ведамства.
- Абодва стралялі па добраахвотніках, паводле зьвестак Мінабароны, у выніку агню ў адказ былі забітыя.
- Солат — невялікае сяло за некалькіх кілямэтраў на паўночны захад ад горада Валуйкі, яно знаходзіцца за 20 зь нечым кілямэтраў ад украінскай мяжы. Там разьмешчаныя пабудаваны ў 2017 годзе вайсковы гарадок і палігон 752-га мотастралковага палка 3-й мотастралковай дывізіі Заходняй вайсковай акругі.