Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: рана казаць пра згортваньне інтэграцыйных працэсаў


Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі
Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі

Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў 31 сакавіка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, што «пакуль рана казаць пра згортваньне інтэграцыйных працэсаў, яны становяцца на ногі, нарастаюць, ствараюць неабходную эканамічную базу для магчымых палітычных рашэньняў у будучыні».

Прэсавую канфэрэнцыю пасол Сурыкаў прапанаваў пачаць хвілінай маўчаньня па ахвярах тэрактаў у маскоўскім мэтро. Адказваючы на пытаньні, ён пракамэнтаваў заяву начальніка гарадзкой міліцыі падчас апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка ў Менску. Нагадаем, тады міліцэйскі чыноўнік паведаміў, што на акцыю прыбылі дэструктыўныя элемэнты, магчыма з Расеі, каб учыніць выбух. Спадар Сурыкаў сказаў, што беларуская міліцыя ў амбасаду наконт гэтага не зьвярталася і яму нічога невядома, хаця ён ведае, што начальнік міліцыі сабе «дазволіў такую агаворку».

«Я стаўлюся да гэтага без разуменьня. Не разумею, для чаго ён гэта сказаў. Бо Беларусь не вядзе контратэрарыстычнай барацьбы на Паўночным Каўказе і не зьяўляецца там нашым саюзьнікам. Беларускія сілы там ніякага ўдзелу не бяруць. І як бы перадумоваў маскоўскіх варыянтаў проста няма ніякіх. То бок чалавеку трэба думаць, перш чым гаворыш. А вось гранату кідалі ў 2004 годзе — гэта якраз у расейскую амбасаду. Хто, мы ня ведаем. Таму, калі чалавек выказваецца, трэба крыху думаць».

Улічваючы апошнія заявы кіраўніка Беларусі, што ў інтэграцыйных працэсах пачалі «праяўляцца тэндэнцыі старэйшага і малодшага брата», ці будзе Расея купляць ляяльнасьць Аляксандра Лукашэнкі?

«Мы нічога не зьбіраліся і не зьбіраемся купляць. У нас захаваліся традыцыі ад часоў Савецкага Саюзу. Мы захоўвалі прэфэрэнцыяльную пераемнасьць у сфэры паставак энэрганосьбітаў. Але вось у 2006 годзе мы палічылі, што час пераходзіць на раўнапраўныя стасункі. І калі гэта называецца імпэрскімі амбіцыямі — раўнапраўныя стасункі ў галіне эканомікі — то я дзіка выбачаюся. Гэта што, імпэрскія амбіцыі ў Нарвэгіі, якая гандлюе выключна па рынкавых цэнах усімі энэрганосьбітамі? І ніякіх імпэрскіх дачыненьняў я ня бачу. Ёсьць вельмі эмацыйнае абмеркаваньне дзеяньняў з такімі вось абвінавачаньнямі, уколамі. Канечне, шкада».

Таксама спадар Сурыкаў адзначыў, што дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне з «сур’ёзным іншы раз антырасейскім падтэкстам мочыць». Адносна будаўніцтва беларускай АЭС спадар Сурыкаў сказаў, што існуюць розначытаньні наконт цаны самой станцыі. Тут, маўляў, патрэбны падыход у цэнаўтварэньні такі ж, як пры будаўніцтве яе аналягаў у Расеі. Таксама ён сказаў, што амэрыканскія кампаніі ня будуць браць удзел у гэтым праекце «па палітычных матывах і гэта зразумела чаму».

«Калі будуць суфінансаваць кітайцы, у мяне ёсьць сумнеў, што расейскі бок будзе браць удзел. Бо мы ня хочам дзяліцца сакрэтамі з маладымі кітайскімі фірмамі ў галіне ядзернай энэргетыкі. Інавацыйныя рэчы трэба купляць. А кітайцы хацелі б падгледзець і скапіяваць. То бок мы тут будзем пярэчыць і весьці дадатковыя перамовы зь беларускім бокам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG