Выпадкова атрымалася так, што мае развагі пра “эўрапейскую паліткарэктнасьць” зьявіліся на свабодаўскім блогу за два дні да заявы Архіяпіскапа Кэнтэрбэрыйскага Роўэна пра магчымую інтэграцыю нормаў шарыяту ў брытанскае права, на якую Кастусь Бандарук адгукнуўся вельмі цікавым і грунтоўным запісам, назваўшы яго “Перабор паліткарэктнасьці”. Як мне цяпер падаецца, мае дзёньнікавыя ўспаміны пра канфэрэнцыю ў Бэрліне атрымаліся “цывілізацыйна-алярмісцкімі” і не дасягнулі мэты скіраваць увагу чытача на пэўнае падабенства і паралелізм працэсаў, што адбываюцца ў Эўропе і ў нас. Усе водгукі чытачоў, на жаль, аказаліся скіраваныя на Эўропу, а не на нашу беларускую “паліткарэктнасьць”, якая квасіцца на апазыцыйным патрыятычным фундамэнталізме і своеасаблівай постмадэрнай дэнацыяналізаванай квазідзяржаўнасьці. Мяне, шчыра кажучы, гэта нават трохі зьдзівіла: дзякаваць Богу, з мусульманамі у нас пакуль згода. Яны нават беларускую мову ахвотней вучаць, чым браты-славяне.
Але ж ад чытаньня водгукаў на беларускіх сайтах на гісторыю журналіста Зьдзьвіжкова, асуджанага за перадрук карыкатураў на мусульманскага Прарока, у мяне склалася ўражаньне, што нават тая частка нашага грамадзтва, якую можна аднесьці да інфармаванай, схільная складаць усё ў адзін казанок: мусульмане, як кітайцы ці віетнамцы, здаюцца нам на адзін твар, -- фундамэнталісты, тэрарысты, не-дэмакраты. Атрымліваецца нейкая гістарычная паталёгія, як некаторыя трактуюць бальшавізм ці нацыянал-сацыялізм. Аднак паводле здаровай лёгікі ў гісторыі не павінна быць паталёгіяў. Усё здавальняюча “гістарыязуецца”.
На парадку дня - Эўраіслам
Хаця лічыцца, што іслам, як і хрысьціянства, - “кніжная” рэлігія (у нас Біблія, у іх – Каран), аднак гэта не зусім так. Як лічаць экзэгеты Карану, што прытрымліваюцца гістарычна-параўнальнага прынцыпу (гл., напрыклад, у сеціве лекцыі першага гасьцявога прафэсара-тэоляга анкаранскай школы Ömer’a Özsoy’a, які з 2006 г. вядзе свой сэмінар на катэдры эвангелічнай тэалёгіі ва ўнівэрсытэце Франкфурту-на- Майне), Каран – ня кніга, а збор думак Алага, перададзеных Прарокам пэўнай групе людзей, з пэўнай нагоды, у пэўнай мясцовасьці, у пэўны час. Толькі, можа, дзясятая частка зьместу Карану не патрабуе тлумачэньняў для сёньняшняга верніка. Дзевяць дзясятых сучаснага вучэньня – інтэрпрэтацыя. І хадзісы, як Каран, трэба разглядаць гістарычна. З Аль-Нававі (1233-1277) “Кніга сарака хадзісаў”: “Мусульманіна трэба забіць, калі ён выйшаў з ісламу і пакінуў абшчыну…”. Давайце паглядзім на хрысьціянства ХІІІ стагодзьдзя. І для хрысьціянства жыцьцё чалавека важыла тады ня так шмат. Напрыклад, інквізыцыя была адмененая ў Гіспаніі толькі ў 1808 г. Напалеонам у дзень узяцьця штурмам Мадрыду. Нездарма Папа Ян Павал ІІ папрасіў прабачэньня ў эўрапейцаў за ня лепшыя ўчынкі царквы. Думаю сабе: дасьць Бог, Іслам таксама на працягу будучых шасьці стагодзьдзяў наблізіцца да хрысьціянства, а хрысьціяне прыцішаць свой безаглядны лібэралізм. Вось гэта і будзе інтэграцыя.
Рэальныя факты
Хрысьціянска-мусульманская інтэграцыя пачыналася ў Эўропе так даўно, што мы пра яе і забыліся. У сярэднявеччы арабы несьлі ў Эўропу навуку. Анры ІІІ, французскі кароль, у 1587 г. заснаваў катэдру арабскай мовы ў Collège Royal. А ў той жа Нямеччыне на пачатку 3-га тысячагодзьдзя існуе толькі адна мусульманская катэдра пры ўнівэрсытэце ў Мюнстэры. У Францыі, што высока трымае сваю Grande Nation, да нядаўняга часу словазлучэньне “этнічная меншасьць” было палітычным табу, і францускія палітыкі іранізавалі з англамоўнага словазлучэньня positive discrimination, якім у ЗША, а потым і ў Эўропе пачалі называць дзяржаўныя праграмы інтэграцыі імігрантаў. У 1981 годзе голасам канцлера Гельмута Шмідта калёнкі рэдактараў буйнейшых нямецкіх газэтаў абвясьцілі: Германія не павінна і ня хоча стаць краінай імігрантаў. Праз 25 гадоў на радзіме канцлера жыве ўжо 15 млн. чалавек з “эмігранцкай анкетай”, а ва ўсім Эўразьвязе адных мусульманаў таксама 15 млн. Праўда, у нацыянальных парлямэнтах ЭЗ засядаюць пакуль усяго 30 дэпутатаў мусульманскага паходжаньня.
Як грымаса сэкулярызаванай Эўропы ўспрымаецца стварэньне ў фармаце Эўразьвязу няўрадавай арганізацыі “Цэнтральная рада экс-мусульманаў”, якая падтрымліваецца гуманістычна арыентаваным фондам Джардана Бруна. Старшыня рады экс-мусульманаў Mina Ahadi была ўганараваная ў 2007 г. брытанскай National Secular Society тытулам Secularist of the Year. Як па мне, дык гэта рух ня ў той бок. Усякі фундамэнталізм сілкуецца закваскай постмадэрну.
Арабы – ня туркі, а Эгіпет – не Саўдаўская Арабія
Мусульмане вельмі розныя. Калі я быў амбасадарам яшчэ ў Боне і гуляў са сваім унукам на “дэмакратычнай” шматнацыянальнай дзіцячай пляцоўцы ў Бад Годэсбэргу, ад турэцкага хлопчыка гадоў шасьці я пачуў на добрай нямецкай мове: “Я – турак, а не які там араб – хабдаляхам-ала – ахмэд…”. Ягоныя сябры гучна засьмяяліся. У Турцыі яшчэ Атацюрк у 1926 г. адмяніў шарыят, увёў капелюшы, гальштукі, заклікаў зьнімаць хіджабы. Сёньня ў Анкаранскім унівэрсытэце дзяўчат выключаюць зь ліку студэнтаў за нашэньне мусульманскай хусткі. Турэцкія мусульмане больш “расслабляюцца” ў Эўропе, зьбіваючыся ў “паралельныя грамадзтвы”, дзе нярэдка адчуваецца ўплыў фундамэнталістаў. Іншая рэч – арабы. За выключэньнем хіба Эгіпту ды Лібану большасьць арабскіх краінаў – нават багатыя на нафту, з фасадам мадэрну, што месьцяцца ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі – ня ёсьць дзяржавамі ў эўрапейскім сэнсе слова. Тут правяць кланы, тэйпы. Тут няма сваіх дзяржаўных гістарычных мітаў, традыцыйная рэлігія асацыюецца тут з культурай. І дзяржаўныя межы тут былі “нарэзаныя” эўрапейскімі калянізатарамі па лінейцы. Нешта накшталт сталінскай палітыкі на Каўказе. І эмігранты з арабскага сьвету розныя.
Напрыклад, пасьля “іранскай рэвалюцыі” з гэтай краіны ў Эўропу спачатку паехала выключна эліта – архітэктары, дактары, банкіры. (Узгадваю элегантную даму, фраў Тэрані, што апекавалася рахункамі нашай амбасады ў прэстыжным філіяле “Дрэзднэр Банк” у Боне). Адукаваныя імігранты інтэграваліся за некалькі гадоў. А вось, напрыклад, са “сьвецкай” Турцыі з усходняй Анатоліі ў Эўропу прыехалі тысячы гастарбайтэраў, якія ня ўмелі чытаць па-турэцку. Дарэчы сказаць, у адрозьненьне ад Аўстраліі і Канады, Эўропа напачатку мала зважала на адукацыю і адчыняла дзьверы ўсім, хто гатовы быў на любую чорную працу. Цяпер прыходзіцца чухаць патыліцу.
І банкаўскае ліхвярства – грэх для мусульманаў
Як колісь хрысьціянская царква ў сярэднявеччы, так шчыры іслам сёньня, забараняе вернікам-мусульманам зарабляць на банкаўскіх працэнтах. Тут іслам – поўная супрацьлегласьць працоўнай этыцы пратэстантызму ці будызму. Грошы ў мусульманаў ня могуць быць таварам. Мусульманін ня можа ўзяць крэдыт на турыстычную паездку, ня можа проста так выгадна купіць ці прадаць дзялку пад дом праз банк. Заключаюцца два дагаворы: адзін паміж прадаўцом і банкам, другі – паміж банкам і пакупніком. Адзін зь іх – па больш высокім кошце. Нешта падобнае, як скасаваньне шлюбу ў каталікоў: царкоўны суд павінен прызнаць, што шлюбу проста не існавала. Сучасныя экзэгеты ісламу занятыя зараз праблемай ліхвярскага грэху. Можна спадзявацца, што выйсьце знойдуць. Так хрысьціяне лічылі ліхвярства грэхам, пакуль не-хрысьціяне, у асноўным габрэі, не авалодалі грашамі сярэднявечнай Эўропы. Мала хто помніць, што Вялікая Хартыя Вольнасьцяў, якую падпісаў англійскі кароль Джон пад ціскам баронаў-фэадалаў, вызваліла іх ад вяртаньня ліхвярскіх даўгоў габрэйскім банкірам. Паводле часопіса EURO (сумеснае выданьне з The Wall Street Journal) за 2. 12. 2007 г., мусульмане складаюць больш за 20% насельніцтва Зямлі, якое да таго ж жыве на багатых нафтаносных тэрыторыях, але вырабляе менш за 10% сукупнага сацыяльнага прадукту. Футуролягі спрачаюцца, ці пераможа лібэральная прага нажывы чыстыя намеры ісламу.