Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Растоўскай вобласьці зноў гарэў НПЗ, зь якім супрацоўнічаў беларускі алігарх Варабей


Пажар на нафтавых рэзэрвуарах у Бранску ў ліпені 2024. Ілюстрацыйнае фота
Пажар на нафтавых рэзэрвуарах у Бранску ў ліпені 2024. Ілюстрацыйнае фота

Улады Растоўскай вобласьці заявілі аб інтэнсіўным абстрэле з боку Ўкраіны.

Часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара Растоўскай вобласьці Юрый Слюсар заявіў, што ў ноч на 19 сьнежня ў выніку атакі бесьпілётнікаў пачаўся пажар на Навашахцінскім заводзе нафтапрадуктаў.

«У выніку падзеньня фрагмэнтаў бесьпілётніка атрымаў раненьні адзін чалавек у населеным пункце пад Растовам. Ён атрымаў неабходную дапамогу. Інфармацыя аб іншых наступствах на зямлі яшчэ будзе ўдакладняцца», — напісаў Юрый Слюсар у сваім Telegram-канале.

Паводле яго, украінскія войскі атакавалі Растоўскую вобласьць больш як 30 бесьпілётнікамі і трыма ракетамі. «Сілы супрацьпаветранай абароны былі задзейнічаныя для абароны Таганрогу, Батайску, Растова, Шахтаў, Каменску, Мілерава і Навашахцінску», — паведаміў кіраўнік вобласьці.

Як вынікае з паведамленьняў Юрыя Слюсара, пажар на Навашахцінскім заводзе нафтапрадуктаў пачаўся ў пачатку першай гадзіны ночы. Яго нібыта патушылі раніцай 19 сьнежня ў 6:45. Але пацьвярджэньня няма. Шэраг Telegram-каналаў публікуюць відэазапісы, на якіх можна пабачыць ўзгараньне на тэрыторыі заводу.

Украіна ўпершыню атакавала Навашахцінскі завод нафтапрадуктаў у траўні 2022 году. У выніку шэрагу атак на тэрыторыі заводу адбылося некалькі пажараў.

Завод належаў прарасейскаму палітыку з Украіны Віктару Медзьведчуку (яго абмянялі ў Расею на ўкраінскіх ваеннапалонных. —РС). Зь Медзьведчуком шчыльна супрацоўнічаў беларускі алігарх Мікалай Варабей. Вядома, што продажам нафтапрадуктаў з Навашахцінскага заводу нафтапрадуктаў займаліся зарэгістраваныя ў Эстоніі кампаніі NT Bunkering і NT Marine. Абедзьве яны належалі эстонскаму бізнэсоўцу Аляксею Чульцу. Актывамі Вараб’я і Чульца ў Расеі кіраваў адзін і той жа чалавек — Аляксей Лысянкоў. Ён дырэктар вараб’ёўскага «Белказтрансу» ў Маскве і адначасова фірмы «Юларус», падкантрольнай Чульцу.

Пасьля перадачы Расеі Віктара Медзьведчука і ўвядзеньня супраць яго санкцый, Навашахцінскі НПЗ нібыта «перапісалі на падрадчыка „Газпрому“».

Сёлета ў сакавіку стала вядома, што пад абстрэлы зь Беларусі ў пачатку вайны трапіла і ўкраінская кампанія, зьвязаная зь Мікалаем Вараб'ём.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG