Улады Грузіі адмовіліся праводзіць паўторныя парлямэнцкія выбары і заявілі, што дзейнай прэзыдэнтцы Саламэ Зурабішвілі давядзецца пакінуць сваю пасаду.
Прэм’ер Іраклі Кабахідзэ на прэсавай канфэрэнцыі 1 сьнежня паведаміў, што пытаньне правядзеньня новых выбараў не разглядаецца. Як піша «Эхо Кавказа», ён таксама падкрэсьліў, што 29 сьнежня, у дзень інаўгурацыі новага прэзыдэнта Зурабішвілі будзе абавязаная скласьці паўнамоцтвы, нягледзячы на яе намер заставацца на пасадзе да магчымых новых выбараў.
Акрамя таго, прэм’ер-міністар адзначыў, што завяршыў фармаваньне новага ўраду, прызначыўшы 12 новых міністраў, грунтуючыся на выніках парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 26 кастрычніка.
Камэнтуючы рашэньне ЗША аб прыпыненьні стратэгічнага партнэрства з Грузіяй, Кабахідзэ адзначыў, што адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна спрабуе пакінуць для абранага прэзыдэнта Дональда Трампа «цяжкую спадчыну». Само рашэньне прэм’ер назваў «часовай зьявай».
ЗША прыпынілі партнэрскую дамову з Грузіяй 30 лістапада. Дзярждэпартамэнт заклікаў грузінскі ўрад вярнуцца на эўраатлянтычны шлях, правесьці празрыстае расьсьледаваньне ўсіх парушэньняў на парлямэнцкіх выбарах і адмяніць антыдэмакратычныя законы, якія абмяжоўваюць свабоду сходаў і выказваньня думак.
30 лістапада прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і пакіне пасаду толькі пасьля правядзення новых выбараў, якія будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам.
Кіруоўная партыя «Грузінская мара» вылучыла на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста Міхэіла Кавэлашвілі. Выбары прэзыдэнта прызначаны на 14 снежня. Упершыню яны пройдуць паводле новай сыстэмы — кіраўніка дзяржавы будзе абіраць калегія электараў.
Апазыцыя ўжо заявіла аб байкоце будучага пасяджэньня калегіі. «Грузінская мара» валодае ў заканадаўчым органе абсалютнай большасьцю галасоў, што робіць выбраньне Кавэлашвілі практычна наканаваным.
- У Тбілісі трэці дзень працягваюцца акцыі пратэсту пасьля таго, як прэм’ер-міністар Грузіі аб’явіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ.
- Увечары 29 лістапада ў шэрагу гарадоў Грузіі (у Батумі, Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Чхароцку) людзі выйшлі на пратэсты супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі Грузіі.
- 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклі Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.
Форум