Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што ня сыдзе «да абраньня легітымнага парлямэнту» нягледзячы на заканчэньне мандату


Саламэ Зурабішвілі
Саламэ Зурабішвілі

Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да абраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначаныя на 14 сьнежня.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі на брыфінгу 30 лістапада заявіла, што яе паўнамоцтвы скончацца толькі пасьля правядзеньня новых парлямэнціх выбараў у Грузіі, якія будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам і на якіх будуць прысутнічаць міжнародныя назіральнікі. Да таго часу, заявіла Зурабішвілі, яна застанецца на пасадзе і працягне барацьбу.

«Нелегітымны парлямэнт ня зможа выбраць новага прэзыдэнта. Такім чынам, інаўгурацыя не адбудзецца. І мой мандат працягваецца, пакуль ня будзе легітымна абранага парлямэнту», — сказала Зурабішвілі ў сваім тэлезвароце.

Прарасейская кіроўная партыя «Грузінская мара», якую ЦВК Грузіі абвясьціла пераможцай на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку, вылучыла на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначаныя на 14 сьнежня. Упершыню яны пройдуць па новай сыстэме — кіраўніка дзяржавы будзе абіраць калегія выбарнікаў. Грузынская апазыцыя ўжо заявіла пра байкот будучага пасяджэньня калегіі, што робіць абраньне Кавелашвілі практычна наканаваным.

Інаўгурацыя новага прэзыдэнта, які, паводле асноўнага закону Грузіі, мае толькі цырыманіяльныя паўнамоцтвы, адбудзецца ў канцы сьнежня. Паўнамоцтвы дзейнага кіраўніка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заканчваюцца 16 сьнежня.

Тым часам увечары 30 лістапада ў Грузіі працягнуліся антыўрадавыя акцыі супраць прыпыненьня працэсу эўраінтэграцыі, абвешчанай на днях прэм’ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ. Мітынгі таксама праходзяць у Батумі, Кутаісі, Поці, Тэлаві і іншых гарадах. 29 лістапада падчас акцыі пратэсту ў Тбілісі затрымалі беларуса. Агулам за два дні паліцыя затрымала каля 150 чалавек.

Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі расцэньвае акцыі пратэсту як спробу гвалтоўнага захопу ўлады, паведамілі ў спэцслужбе. Ідзе расьсьледаваньне паводле артыкулу «змова ці мяцеж у мэтах зьмены канстытуцыйнага ладу Грузіі». Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвінаваціў у арганізацыі пратэстаў эўрапейскіх палітыкаў і «пятую калёну» — так ён называе чатыры апазыцыйныя партыі, якія па выніках выбараў прайшлі ў парлямэнт, але не прызналі яго легітымнасьць і ня ўдзельнічаюць у пасяджэньнях.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG