«Сумленнасьць, справядлівасьць, патрыятызм і прынцыповасьць — якасьці, якія вызначаюць Міхэіла Кавэлашвілі. Ён найлепшае ўвасабленьне грузінскага мужчыны па сваёй прыродзе, калі хочаце, па сваім габітусе. Ён выдатны муж і бацька чацьвярых дзяцей. Улічваючы ўсё вышэй сказанае, каманда ўхваліла аднагалоснае рашэньне аб вылучэньні Міхэіла Кавэлашвілі на пост прэзыдэнта Грузіі», — сказаў Бідзіна Іванішвілі, паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа».
Паводле яго, Міхэіл Кавэлашвілі зможа «цалкам аднавіць» рэпутацыю інстытуту прэзыдэнта.
Інаўгурацыя новавыбранага прэзыдэнта Грузіі чакаецца 29 сьнежня.
Што вядома пра кандыдата
Міхэіл Кавэлашвілі — адзін зь лідэраў часткі палітычнай сілы, што адкалолася ад партыі «Сіла народу». Быў дэпутатам двух скліканьняў парлямэнту, цяпер выбраны паводле сьпісаў «Грузінскай мары».
Вэтэран футболу. Пачынаў спартовую кар’еру ў тбіліскім «Лякаматыве», потым перайшоў у «Дынама», у складзе якога стаў шасьціразовым чэмпіёнам Грузіі. У 1995 годзе перайшоў ва ўладзікаўкаскі клюб «Спартак-Аланія», а ў 1996-м — у камандзе Manchester City, у складзе якой згуляў 28 матчаў і забіў тры галы. Ён таксама гуляў за розныя клюбы Швайцарыі. За зборную Грузіі згуляў 46 матчаў, забіў 9 галоў.
Як будуць галасаваць
Выбары прэзыдэнта Грузіі адбудуцца 14 сьнежня ў памяшканьні парлямэнту. Пры неабходнасьці другога туру яго таксама правядуць 14 сьнежня.
Упершыню прэзыдэнта Грузіі будуць выбіраць не грамадзяне на агульных выбарах, а Калегія электараў. Згодна з Канстытуцыяй, у яе склад уваходзяць 300 чалавек, у тым ліку 150 дэпутатаў парлямэнту, сябры Вярхоўных саветаў Аджарыі і Абхаскай аўтаномнай рэспублікі (у выгнаньні). Сёлета 109 сяброў калегіі з складу прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня накіруюць адпаведныя палітычныя партыі паводле квотаў, вызначаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Квоты вызначаюцца на падставе прынцыпу прапарцыйнага геаграфічнага прадстаўніцтва і згодна з прапорцыяй па выніках выбараў органаў мясцовага самакіраваньня, праведзеных у 2021 годзе. Склад Калегіі электараў зацьвердзіць Цэнтральная выбарчая камісія.
Апазыцыйныя дэпутаты, імаверна, ня будуць удзельнічаць у галасаваньні, бо яны не прызнаюць легітымнасьць новавыбранага парлямэнту. Пакуль незразумела, ці будуць удзельнічаць прадстаўнікі апазыцыі з органаў мясцовага самакіраваньня.
Права на вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты Грузіі маюць ня менш за 30 сяброў Калегіі электараў.
У кіроўнай партыі Грузіі хочуць, каб выбары і інаўгурацыя прэзыдэнта адбыліся да канца 2024 году, каб тэрмін яго паўнамоцтваў склаў 5, а ня 6 гадоў.
Раней апазыцыйны канал «Мтавары» паведаміў, што на пасаду прэзыдэнта Грузіі разглядаюцца кандыдатуры кіраўніка партыі «Грузінская мара» Іраклія Гарыбашвілі і Канстанціна Гамсахурдыя — сына першага прэзыдэнта Зьвіяда Гамсахурдыя. Аднак адзін зь лідэраў кіроўнай партыі Мамука Мдынарадзэ гэта зьняпраўдзіў.
Форум