Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, абодва мэмарандумы падпісалі з адным ведамствам Амана — Міністэрствам гандлю, прамысловасьці і садзейнічаньня інвэстыцыям — дзьве беларускія структуры: Міністэрства прамысловасьці і Дзяржаўны камітэт стандартызацыі Беларусі.
Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў гэтыя дакумэнты «першымі крокамі, якія выбудоўваюць архітэктуру супрацы» дзьвюх краін у гэтых сфэрах.
«А потым павінны быць дапоўненыя ўжо канкрэтнымі праектамі па рэалізацыі тых задумаў, пра якія дамовіліся ў часе гэтага візыту», — працытавала міністра БелТА.
У часе візыту для Аляксандра Лукашэнкі правялі некалькі экскурсіяў, у тым ліку ў порце і свабоднай эканамічнай зоне «Сохар», а таксама ў крэпасьці, што на ўзьбяржжы Аманскай затокі, адной з галоўных славутасьцяў Амана, імаверна, ХIII стагодзьдзя.
Па выніках візыту бакі абнародавалі супольную заяву, у якой адзначылі «рашучасьць працаваць разам для дасягненьня агульных мэтаў і пабудовы дачыненьняў на аснове ўзаемнай павагі і разуменьня». У якасьці сфэр для расшырэньня партнэрства вызначылі чыстую энэргетыку, турызм, адукацыю, ахову здароўя, тэхнялёгіі, транспарт і лягістыку.
Пасьля гэтага дэлегацыя, у складзе якой і сын Лукашэнкі Віктар, накіравалася ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Раней Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, заяўляла, што Віктар Лукашэнка зьяўляецца куратарам супрацы Беларусі з ААЭ.
Расьсьледаваньне Свабоды пра аўтапарк «Белтрансспэцаўта», што ўваходзіць у склад Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, выявіла, што на балянсе гэтай арганізацыі знаходзяцца 4 бездарожнікі Nissan Patrol, якія прывезьлі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у 2019 годзе. Грошы на іх абслугоўваньне выдзяляюцца зь дзяржаўнага бюджэту.
Форум