Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Менску зрабілі дармовым праезд у грамадзкім транспарце сваякам ахвяраў трагедыяў у менскім мэтро


Пераход на станцыю мэтро «Кастрычніцкая»
Пераход на станцыю мэтро «Кастрычніцкая»

За такое рашэньне прагаласаваў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў.

Штомесячны праязны білет на ўсе віды транспарту стане дармовым для сваякоў ахвяраў трагедыі на Нямізе. Адпаведную пастанову апублікавалі на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале 8 жніўня.

Такую ж паслугу прадугледзелі і для «сямейнікаў загінулых у выніку акту тэрарызму на станцыі мэтро „Кастрычніцкая“».

Гэтыя льготы пашыраюцца толькі на сваякоў «зь ліку непрацоўных пажылых бацькоў, а таксама сужэнцаў, якія не ўзялі новы шлюб».

Дагэтуль для сямейнікаў ахвяраў трагедыяў на «Нямізе» і «Кастрычніцкай» улады Менску прадугледжвалі штогадовую выплату на куплю кветак для наведваньня месцаў пахаваньняў у 30 рублёў і на пакрыцьцё выдаткаў на рамонт надмагільных помнікаў у памеры, ня большым за пяць бюджэтаў пражытковага мінімуму, што дзейнічае на дату падачы заявы. Сёньня пяць такіх бюджэтаў — гэта 2093,65 рубля.

Рашэньне ўвайшло ў сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня.

25 гадоў таму, 30 траўня 1999 году, у цэнтры Менску каля Палацу спорту адбывалася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, тысячы людзей кінуліся да станцыі мэтро «Няміга». У цісканіне загінулі 53 чалавекі, у асноўным маладыя людзі, сотні атрымалі раненьні.

Выбух у менскім мэтро адбыўся 11 красавіка 2011 году ў 17.55 на станцыі «Кастрычніцкая». Загінулі 15 чалавек. Суд прызнаў вінаватымі двух мужчынаў, але хада працэсу, паказаньні і мэтады расьсьледаваньня выклікалі шмат пытаньняў як у староньніх назіральнікаў, так і ў сем’яў ахвяраў тэракту. Афіцыйнай вэрсіі падзеяў многія людзі не давяраюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG