Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі ляўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Яе ўпершыню прысудзілі пасьмяротна


Стаў вядомы новы ляўрэат беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Прэміяй за 2023 год узнагароджаны беларускі празаік Юры Станкевіч (пасьмяротна) за агульны ўнёсак у беларускую літаратуру, паведамляе «Радыё Рацыя».

Раней ніколі прэмія «Гліняны Вялес» не прысуджалася пасьмяротна.

«Гэтым разам мы вырашылі зрабіць выключэньне і ўшанаваць блізкага нам па творчых, маральных і жыцьцёвых перакананьнях празаіка Юрыя Станкевіча. Пісьменьніка ня стала ў 2021 годзе. Двойчы ягоныя кнігі намінаваліся на „Вялеса“. Ягоныя творы заўсёды былі з намі побач. Гэтым разам мы хочам выправіць ранейшую прыкрую памылку і ўшанаваць прэміяй Таварыства Вольных Літаратараў Юрыя Станкевіча», — кажа старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш.

«Нам вельмі хацелася б, каб імя Юрыя Станкевіча было ў шэрагу нашых ляўрэатаў», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыйнага камітэту прэміі «Гліняны Вялес».

Пра Юрыя Станкевіча

Юры Станкевіч, архіўнае фота
Юры Станкевіч, архіўнае фота

Юры Станкевіч нарадзіўся 21 студзеня 1945 году ў Барысаве. Бацька пісьменьніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны паводле 58-га артыкула Крымінальнага кодэксу і накіраваны ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер. Юры рана пакінуў школу і пачаў працаваць. Пасьля заканчэньня факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту працаваў у «Барысаўскай аб’яднанай газэце». Неўзабаве пераехаў у Менск. Быў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелу часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзелу часопіса «Крыніца». З 1990 году — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Увайшоў у літаратуру ў 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесьцяў і апавяданьняў, каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў. Найважнейшыя кнігі: «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), «Апладненьне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010). У большасьці сваіх твораў Станкевіч маляваў апакаліптычную карціну рэчаіснасьці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні.

Быў двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» — за раман «Мільярд удараў» і раман «П’яўка».

«Гліняны Вялес» — найстарэйшая незалежная штогадовая беларуская літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту — Алесь Аркуш. Прэмія прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. Ляўрэат атрымлівае сымбалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

У розныя гады ляўрэатамі прэміі станавіліся Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч, Артур Клінаў, Міхал Андрасюк, Наста Кудасава і іншыя. Стаць ляўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

«У чым была місія „Глінянага Вялеса“? Увогуле, для нас гэтая прэмія была інструмэнтам літаратурнага працэсу. Мы хацелі з дапамогай гэтай прэміі спрыяць зьяўленьню новай літаратуры, якая пачала нараджацца ў 1990-м годзе», — казаў раней Алесь Аркуш у інтэрвію Свабодзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG