Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саліст гурту «Бі-2» Ягор Бортнік вылецеў з Тайлянду ў Ізраіль


Канцэрт гурту «Бі-2», архіўнае фота
Канцэрт гурту «Бі-2», архіўнае фота

Удзельнік рок-гурту «Бі-2» Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік) вылецеў з Тайлянду ў Ізраіль, паведаміў увечары 30 студзеня тэлеграм-канал гурту.

Астатнім чальцам «Бі-2» ў раней узгодненым вылеце ў Ізраіль адмовілі, і яны застаюцца ў міграцыйнай турме «ў цеснай камэры на 80 чалавек», гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, з заявай выступілі арганізатары канцэртаў. Яны паведамляюць, што для іх правядзеньня атрымалі «ўсе неабходныя дакумэнты, дамовы і дазволы», але візы аформілі некарэктна: для ўдзельнікаў гурту аформілі турыстычныя візы, што прывяло да парушэньня міграцыйнага заканадаўства Тайлянду. Арганізатары падкрэсьліваюць, што адказнасьць за афармленьне візаў ляжыць «выключна на іх кампаніі», а не на ўдзельніках гурту.

«Кампанія адмены канцэртаў пад ціскам расейскага консульства пачалася ў сьнежні. З нядаўніх выступаў былі адмененыя гастролі Максіма Галкіна і Руслана Белага як у Патаі, так і на Пхукет. У практыцы правядзеньня канцэртаў раней арыштаў артыстаў не было — як правіла, усё зводзілася да накладаньня штрафаў ці іншых санкцый на арганізатараў», — гаворыцца ў заяве арганізатараў.

Выданьне «Медиазона» са спасылкай на юрыста гурту напісала, што Расея патрабуе выдачы траіх зь семярых затрыманых у Тайляндзе ўдзельнікаў «Бі-2». Гаворка ідзе аб музыках, у якіх ёсьць толькі расейскае грамадзянства. Расейскі бок хоча, каб іх дэпартавалі прамым рэйсам, піша «Медиазона». На 31 студзеня, паводле слоў юрыста, заплянаваны новы раўнд перамоваў з удзелам консулаў Ізраілю, Аўстраліі і Расеі.

У аднаго з музыкаў — сузаснавальніка гурту Аляксандра «Шуры» Умана — грамадзянства Ізраілю і Аўстраліі.

Раней 30 студзеня зьявілася інфармацыя, што рашэньне аб дэпартацыі ў Ізраіль затрыманых у Тайляндзе музыкаў расейскага рок-гурту «Бі-2» адмянілі пасьля візыту «высокапастаўленых расейскіх дыпляматаў». Паведамленьне таксама было апублікаванае ў афіцыйным тэлеграм-канале гурту.

«Сёньня пасьля візыту высокапастаўленых дыпляматаў з расейскага консульства прадстаўнікам гурту было абвешчана, што рашэньне аб дэпартацыі ў Ізраіль адмененае. Удзельнікі гурту адмовіліся размаўляць з расейскім консулам», — адзначалася ў паведамленьні.

Удзельнікаў гурту працягваюць утрымліваць у міграцыйным цэнтры ў агульнай камэры на 80 чалавек.

Консульскі аддзел амбасады Расеі ў Тайляндзе заявіў агенцтву ТАСС, што трох музыкаў гурту вышлюць у Расею. Яшчэ ў двух музыкаў ёсьць расейскія і ізраільскія пашпарты.

«Пасьля трапленьня ў Цэнтар часовага ўтрыманьня Іміграцыйнага бюро каралеўскай паліцыі яны ня могуць быць дэпартаваныя без сваёй згоды. Калі грамадзянін адмаўляецца вяртацца, то ён можа там сядзець 5 ці 10 гадоў, пакуль ён ня дасьць сваёй згоды, і нічога зь ім нельга будзе зрабіць. І такія людзі там ёсьць. Паколькі ў некаторых зь іх на руках два пашпарты, то паводле мясцовага заканадаўства яны могуць пагадзіцца паехаць як у Расею, так і ў Ізраіль. У каго ёсьць толькі расейскі пашпарт, то ў гэтым выпадку ёсьць магчымасьць дэпартацыі толькі ў Расею. Іншай опцыі няма», — дадалі ў консульстве.

Пра тое, што чатырох затрыманых пасьля канцэрту ў Таіляндзе музыкаў дэпартуюць у Ізраіль, а не ў Расею, раніцай 30 студзеня паведаміў партал Ynet. У сытуацыю, як сьцьвярджала выданьне, умяшаліся МЗС Ізраілю і ізраільская амбасада ў Тайляндзе.

У чатырох музыкаў «Бі-2» ёсьць грамадзянства Ізраілю. Пры гэтым трое ўдзельнікаў групы ўехалі ў Тайлянд па расейскіх пашпартах, і толькі адзін — па ізраільскім. Паводле мясцовых законаў, музыкаў мусілі дэпартаваць у краіну выдачы дакумэнту, зь якім яны перасякалі мяжу. Аднак пасьля ўмяшаньня ізраільскіх уладаў праблема была ўлагоджаная, сьцьвярджала Ynet.

  • Музыкаў гурту «Бі-2» затрымалі 24 студзеня пасьля канцэрту ў Тайляндзе, суд прызначыў ім невялікія штрафы за выступ без працоўных візаў, аднак пасьля гэтага ўдзельнікаў калектыву не адпусьцілі, а адправілі ў цэнтар часовага ўтрыманьня для наступнай дэпартацыі.
  • Расейскі апазыцыйны палітык Дзьмітрый Гудкоў расказваў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время», што генэральны консул Расеі ў Тайляндзе Ўладзімір Сасноў асабіста дамагаецца дэпартацыі музыкаў, якія ўехалі ў Тайлянд па расейскіх пашпартах, менавіта ў Расею. Гудкоў не выключае, што ў выпадку дэпартацыі затрыманым можа пагражаць крымінальны перасьлед з прычыны іх антываеннай пазыцыі.
  • Самі музыкі таксама лічаць, што не апошнюю ролю ў іх затрыманьні адыграў ціск звонку з прычыны іх поглядаў і пазыцыі.
  • «Бі-2» — адзін зь некалькіх расейскіх рок-гуртоў, якія адкрыта выступілі супраць вайны з Украінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG