Экс-камандзір аддзяленьня ПВК «Вагнэр» Андрэй Мядзьведзеў, які ўцёк у Нарвэгію, арыштаваны за бойку каля бара ў цэнтры Осла і гвалт у дачыненьні да паліцыянтаў пры затрыманьні, піша «Новая газета. Европа».
У матэрыялах сьледзтва, як удакладняе выданьне, гаворыцца, што Мядзьведзеў увязаўся ў бойку ў цэнтры нарвэскай сталіцы ў ноч з 21 на 22 лютага, пасьля чаго супраціўляўся затрыманьню і нанёс удары паліцыянтам.
Адвакат Мядзьведзева Брун’юльф Рыснес заявіў, што бойка ўзьнікла ў выніку «непаразуменьня пасьля ўжываньня алькаголю», а яго падабаронны не разумеў, што адбываецца, калі прыехала паліцыя. Адвакат указаў, што экс-найміту цяжка даюцца мовы і яму цяжка выказваць думкі.
«У сераду 22 лютага 2023 году, каля 5:00 раніцы, калі некалькі супрацоўнікаў паліцыі і іншых праваахоўнікаў выводзілі яго [Мядзьведзева] з паліцэйскай машыны ў двары цэнтральнага сьледчага ізалятара, ён аказаў супраціў і ўдарыў нагой аднаго або некалькіх супрацоўнікаў», — гаворыцца ў наяўнай у распараджэньні газэты пастанове аб арышце.
На допыце Мядзьведзеў не прызнаў віну, яго ўжо адпусьцілі да суда. Справу разгледзяць у акруговым судзе Осла 25 красавіка. Пракурор прадʼявіў яму абвінавачаньне па трох крымінальных артыкулах.
З 23 па 25 студзеня Мядзьведзеў знаходзіўся ў Нарвэгіі пад вартай у дэпартацыйным цэнтры ў Трандуме. Мужчыну арыштавалі паводле нарвэскага закону аб іміграцыі. Сам Мядзьведзеў расказаў, што яму «дапамаглі перасекчы мяжу паміж Нарвэгіяй і Расеяй у Пасвікдалене», але не ўдакладніў, як менавіта яму дапамаглі.
Нарвэгія пацьвердзіла, што экс-камандзір «ПВК Вагнэр» Мядзьведзеў папрасіў прытулку. Ён расказаў пра пакараньні сьмерцю ўкраінскіх палонных.
Камэнтуючы дзеяньні экс-найміта, уладальнік «ПВК Вагнэр» Яўген Прыгожын назваў яго «вельмі небясьпечным» і ўдакладніў, што Мядзьведзеў «павінен быў быць прыцягнуты да адказнасьці за спробу жорсткага абыходжаньня з палоннымі».
У Нарвэгіі Мядзьведзеў мае намер даць паказаньні супраць кіраўніка «ПВК Вагнэр» Прыгожына. «Упершыню з РФ у Эўропу за ўвесь час з пачатку вайны супраць Украіны зьбег былы камандзір аднаго з падразьдзяленьняў па сутнасьці тэрарыстычнай арганізацыі Wagner, які пагадзіўся даваць паказаньні і выкрыць алігарха і тэрарыста Яўгена Прыгожына, датычнага да забойстваў тысяч украінцаў і расейцаў», — напісаў заснавальнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін.