Мядзьведзева, як даведаўся тэлеканал, арыштавалі паводле нарвэскага закону аб іміграцыі. Таксама разглядаецца пытаньне аб узяцьці яго пад варту.
Адвакат Мядзьведзева Бруньульф Рыснэс пацьвердзіў Nrk.no, што яго падабаронны быў арыштаваны ў нядзелю, 22 студзеня. Да гэтага экс-камандзір «ПВК Вагнэр» знаходзіўся ў «сакрэтным месцы» у Осла.
Нарвэская паліцыя дапытала Мядзьведзева пра яго службу ў ПВК. Даваць камэнтары тэлеканалу наконт гэтай справы ў паліцыі адмовіліся.
Сам Мядзьведзеў расказаў, што яму «дапамаглі перасекчы мяжу паміж Нарвэгіяй і Расеяй у Пасьвікдалене», але не ўдакладніў, якую менавіта дапамогу яму аказалі.
Нарвэгія пацьвердзіла, што экс-камандзір «ПВК Вагнэр» Мядзьведзеў папрасіў прытулку. Ён расказаў пра пакараньні сьмерцю ўкраінскіх палонных.
Камэнтуючы дзеяньні экс-найміта, уладальнік «ПВК Вагнэр» Яўген Прыгожын назваў яго «вельмі небясьпечным» і ўдакладніў, што Мядзьведзеў «павінен быў быць прыцягнуты да адказнасьці за спробу жорсткага абыходжаньня з палоннымі».
Па словах Мядзьведзева, у ПВК ёсьць спэцыяльны атрад, які займаецца пакараньнямі сьмерцю як наймітаў, якія правініліся, гэтак і ўкраінцаў. У прыватнасьці, яму вядома пра расстрэл чатырох украінскіх вайскоўцаў, якія добраахвотна здаліся ў палон пад Бахмутам.
У Нарвэгіі Мядзьведзеў мае намер даць паказаньні супраць кіраўніка «ПВК Вагнэр» Прыгожына. «Упершыню з РФ у Эўропу за ўвесь час з пачатку вайны супраць Украіны зьбег былы камандзір аднаго з падразьдзяленьняў па сутнасьці тэрарыстычнай арганізацыі Wagner, які пагадзіўся даваць паказаньні і выкрыць алігарха і тэрарыста Яўгена Прыгожына, датычнага да забойстваў тысяч украінцаў і расейцаў», — напісаў заснавальнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін.