Кнігу пад назвай Spare («Запасны») за некалькі дзён да афіцыйнай публікацыі ўжо характарызуюць як «скандальную і выбухную».
У аўтабіяграфіі прынц Гары піша пра крыўды і выстаўляе шэраг абвінавачаньняў у адрас сваіх сваякоў. Кніга паступіць у продаж у Вялікай Брытаніі і ЗША на будучым тыдні, але гэтаму папярэднічалі шматлікія выцекі і заўчаснае зьяўленьне мэмуараў у Гішпаніі, у сувязі з чым шэраг СМІ атрымалі копію да афіцыйнай публікацыі.
Найбольш цытаваным стаў урывак, у якім герцаг Сасэксу расказвае аб сваёй сварцы са старэйшым братам, першым у чарзе на брытанскі пасад прынцам Валійскім Уільямам. Гары сьцьвярджае, што канфлікт адбыўся празь яго жонку, амэрыканскую акторку Мэган Маркл. «Ён схапіў мяне за каўнер, парваў шнурок, які вісеў на шыі, і паваліў мяне на падлогу», — цытуе аповед прынца выданьне Guardian.
Як вынікае з публікацыі газэты, сварка, якая адбылася ў 2019 годзе, была выклікана камэнтарамі прынца Ўільяма ў адрас Мэган. Сьцьвярджаецца, што Ўільям ставіўся да шлюбу свайго брата крытычна, называючы ягоную жонку «цяжкай, грубай і рэзкай». Прынц Гары адзначае, што пасьля ўдару Ўільяма ён упаў на сабачую міску і параніўся аскепкамі. Пазьней яго брат вярнуўся і выглядала, што ён шкадуе з нагоды здарэньня.
Таксама прыводзіцца аповед прынца аб тым, што менавіта Ўільям са сваёй на той момант дзяўчынай, а цяпер жонкай Кэтрын параілі яму надзець нацысцкую форму на касьцюмаваную вечарынку з нагоды Хэлоўіна ў 2005 годзе. Гары сьцьвярджае, што на выбар быў яшчэ гарнітур пілёта, але Ўільям і Кэтрын, сьмеючыся, ухвалілі першы варыянт. Фота прынца ў нацысцкай форме пасьля разьмясьціў на першай паласе таблоід Sun.
У аўтабіяграфіі Гары называе Ўільяма адначасова і сваім «самым заклятым ворагам», і «любімым братам». Ён піша, што паміж імі заўсёды было суперніцтва з прычыны роляў у каралеўскай сямʼі.
У мэмуарах, апроч праблем у адносінах з Уільямам, прынц Гары расказвае аб досьведзе ўжываньня какаіну, любоўных сувязях, успамінае аб сваім нежаданьні, каб ягоны бацька зноў ажаніўся. Значная частка кнігі зьвязана са сьмерцю ягонай маці, прынцэсы Дыяны, пачуцьцямі ад гэтай страты і страце даверу да блізкіх, рэзюмуе ВВС.