Прэзыдэнт Латвіі Эгілс Лэвітс падтрымаў ідэю стварэньня спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Выступаючы ў нядзелю, 13 лістапада, на ўрачыстай цырымоніі ў бундэстагу з нагоды Ўсенароднага дня смутку, ён заклікаў сусьветную супольнасьць расьсьледаваць і правесьці юрыдычную ацэнку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Лэвітс назваў «прабелам у міжнародным праве» той факт, што расьсьледаваньне ўварваньня РФ ва Ўкраіну да гэтага часу не ўваходзіць у кампэтэнцыю якога-небудзь міжнароднага суду. Паводле Лэвітса, стварэньне спэцтрыбуналу зь юрыдычнага пункту гледжаньня магчымае, для гэтага неабходная толькі палітычная воля.
Ён прапанаваў стварыць прававыя магчымасьці для таго, каб накіраваць на аднаўленьне Ўкраіны замарожаныя краінамі Захаду расейскія актывы. Гэта было б толькі відавочнай праявай элемэнтарнай справядлівасьці, падкрэсьліў прэзыдэнт Латвіі. Эўропе трэба належным чынам інвэставаць у сваю абарону і праяўляць салідарнасьць з тымі, хто змагаецца за дэмакратыю і эўрапейскія каштоўнасьці, заявіў ён у прамове на нямецкай мове.
Ва Ўсенародны дзень смутку ў Нямеччыне шануюць памяць ахвяр войнаў і самавольства ўладаў. Ён адзначаецца з 1952 году. Штогод у гэты дзень у бундэстагу праходзіць афіцыйная памятная цырымонія. Сёлета ў цэнтры ўвагі была вайна Расеі супраць Украіны, Эгілс Лэвітс выступаў у якасьці запрошанага дакладчыка.