Тэлеграм-канал «Страна для жизни» апублікаваў некалькі адказаў Сяргея Ціханоўскага на пытаньні чытачоў.
— Адкруціўшы назад месяцы, ці пайшоў бы ты на гэта? Ведаючы, што пазбавішся сям’і, дзяцей, свабоды?
— Вядома, так! Ніхто ня ведае, колькі нам адведзена. Заўтра нас можа зьбіць машына. Таму лічу, што жыць трэба сёньня. І жыць трэба так, каб потым, азіраючыся на сваё жыцьцё, не было сорамна. Жыць трэба з годнасьцю. Тады ніколі ні пра што ня будзеш шкадаваць.
Мала хто памятае, але перад маім затрыманьнем у Горадні 29 траўня я ўсяго 8 дзён быў на свабодзе пасьля выхаду з ІЧУ. Я пражыў гэтыя 8 дзён, нібыта ў мяне былі крылы.
Тысячы людзей фатаграфаваліся са мной і выказвалі падтрымку. Я бачыў, як людзі паверылі ў сябе. Ня кожны можа пахваліцца, што пражыў хаця б адзін такі дзень, як я.
Ідучы на кампраміс з сваім сумленьнем, закрываючы вочы на несправядлівасьць і беззаконьне, адмоўчваючыся, многія думаюць, што так яны зьберагуць сваё жыцьцё. Але насамрэч яны так змогуць працягнуць толькі сваё існаваньне, а не жыцьцё.
— За месяцы, праведзеныя за кратамі, ці не расчараваўся ты ў беларусах?
— Не, не расчараваўся. Атрымаў тысячы лістоў у турме і бачу, што людзі змагаюцца і робяць усё магчымае. Упэўнены, што беларусы змогуць абʼяднацца вакол лідэраў і перамагчы.
— Калі выйдзеш на свабоду, ці працягнеш займацца праектам «Страна для жизни» або зоймешся нечым новым?
— Я ня ведаю, калі выйду, таму не магу штосьці плянаваць. Цяпер гэта бессэнсоўна. Але ў мяне ёсьць сьмелыя і рэвалюцыйныя ідэі, якія дазволяць беларусам жыць лепей.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.