«Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так зрабіў?» — гэтак Аляксандар Лукашэнка згадаў справу блогера Сяргея Ціханоўскага. Ці можа кіраўнік дзяржавы такім чынам «даваць сыгналы»? Разьбіраліся з экспэртамі.
Блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, затрымалі на пікеце для збору подпісаў 29 траўня ў Гародні.
У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка назваў Ціханоўскага «шалудзівым», яшчэ праз 10 дзён стала вядома пра завядзеньне супраць блогера і ягонай каманды крымінальнай справы паводле 342-га артыкулу КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Пазьней Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі таксама паводле 191-га артыкулу КК (перашкода выбарам). 28 чэрвеня стала вядома, што загад на перасьлед блогера аддаў Аляксандар Лукашэнка.
«Так, я даў сыгнал зь Ціханоўскім. Я нешта ня так зрабіў? Я перажываў за сваю краіну, за якую пакуль яшчэ адказваю», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з актывам Менскай вобласьці, якая днямі прайшла ў закрытым фармаце. Адначасова кіраўнік дзяржавы выказаўся і пра справу супраць прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, якога арыштавалі 18 чэрвеня і цягам некалькіх дзён таксама выставілі яму абвінавачаньне.
«І калі я бачу мільёны і мільёны даляраў выпампаваныя — гэта ж на нас заробленыя грошы. Скажыце, а якія мусяць быць мае дзеяньні?», — сказаў Аляксандар Лукашэнка пра справу Віктара Бабарыкі.
Адвакаты былога старшыні «Белгазпрамбанку» не змаглі паведаміць, у чым ён дакладна абвінавачваецца, бо яны далі падпіску пра невыдаваньне зьвестак.
Афіцыйна:
Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, на запыт Радыё Свабода пакуль не адказала.
Кіраўнік аддзелу грамадзкіх сувязяў КДБ Андрэй Яраш на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць, які менавіта сыгнал паступіў ад Аляксандра Лукашэнкі, адказаў: «Без камэнтароў, не камэнтую слоў прэзыдэнта, гэта не ў маёй кампэтэнцыі».
Прэсавы сакратар Генэральнай пракуратуры Анжэла Курчак сказала, што ня мае інфармацыі пра сыгнал Аляксандра Лукашэнкі ў справах Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі.
Ці законна, што з адвакатаў узялі падпіскі пра невыдаваньне сутнасьці абвінавачаньня?
Былы сьледчы Фрунзэнскай пракуратуры Менску Алег Воўчак называе такую сытуацыю абсурднай і цалкам незаконнай.
«Такога няма ні ў аднай цывілізаванай краіне (нават у Расеі, дзе таксама перасьледуюць апанэнтаў улады), каб выставілі абвінавачаньне і забаранілі казаць, у чым вінавацяць», — гаворыць Алег Воўчак. Ён больш за 4 гады працаваў сьледчым пракуратуры і сам не сутыкаўся з такой практыкай і ня чуў, каб гэтак рабілі іншыя сьледчыя.
«Справа не пераведзена ў разрад сакрэтных, дык у чым прычына ўтойваньня абвінавачаньня? Законнай прычыны няма. Паводле закону грамадзянін мае права ведаць, у чым яго абвінавачваюць, і грамадзтва мае права гэта ведаць, у гэтым сэнс крымінальнага перасьледу ад імя дзяржавы. Але ў нас пра гэта можна спытаць толькі Лукашэнку», — кажа Алег Воўчак.
Былы сьледчы перакананы, што Аляксандар Лукашэнка перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, калі сапраўды ўмяшаўся ў справу Сяргея Ціханоўскага.
«Прызнаньне Лукашэнкі, што справа Ціханоўскага пачалася пасьля ягонага сыгналу, ёсьць пацьверджаньне, што гэта чыста палітычная справа. Тое самае і наконт справы Бабарыкі — таксама ўсе прыкметы перасьледу з палітычных прычын. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы могуць быць толькі распрацоўкі апэратыўных органаў і пракуратуры. А сам Лукашэнка ня можа паводле закону даваць даручэньні завесьці крымінальную справу на грамадзяніна. Па вялікім рахунку, Лукашэнка проста падстаўляе Сьледчы камітэт і пракуратуру, паказвае, што яны несамастойныя ў сваіх дзеяньнях і ня могуць прытрымлівацца закону, а мусяць падпарадкоўвацца незаконным загадам», — лічыць Алег Воўчак.
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка ў дзеяньнях адносна Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі парушыў адразу некалькі артыкулаў Канстытуцыі 1996 году, якую сам жа і прапанаваў для прыняцьця.
«Паводле Канстытуцыі 1994 году прэзыдэнт ня меў права ствараць пры сабе органы дзяржаўнай улады, але гэта зьявілася. У выніку сваім указам Лукашэнка стварыў Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю ды іншыя органы. Аднак нават паводле гэтай Канстытуцыі ён ня мае права наўпрост загадваць іхным кіраўнікам, што рабіць. Безумоўна, гэта ўмяшаньне ў справы іншых дзяржаўных органаў. Прыкладам, грубае ўмяшаньне ў справы сьледзтва (якое мусіць быць самастойным і незалежным), што парушае прынцыпы дзяржаўнага кіраваньня. А ўрэшце гэта злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі», — лічыць Міхаіл Пастухоў.
Юрыст спаслаўся на пункт 5 артыкулу 84 Канстытуцыі, дзе вядзецца пра ўтварэньне прэзыдэнтам органаў дзяржаўнага кіраваньня.
Міхаіл Пастухоў кажа, што яшчэ ў гэтай сытуацыі парушаны прынцып падзелу ўлады.
«Артыкул 6-ы Канстытуцыі кажа: „Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую“. І далей: „Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя, узаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго“. Але гэтага ў нас няма — ні самастойнасьці, ні ўраўнаважаньня», — мяркуе Міхаіл Пастухоў.
Ці ёсьць роўнасьць прэтэндэнтаў?
Паводле Міхаіла Пастухова, падчас выбарчай кампаніі ўсе прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзыдэнта мусяць мець роўныя магчымасьці. Між тым Аляксандар Лукашэнка, як лічыць былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, гэты прынцып роўнасьці парушае.
«Кіраўнік дзяржавы, калі вылучаецца на прэзыдэнта зноў, мусіць пакінуць працу, перадаць свае паўнамоцтвы па інстанцыі прэм’ер-міністру і самому весьці перадвыбарчую кампанію, а не арганізоўваць сустрэчы з выбарнікамі як дзейны прэзыдэнт. Гэта таксама ня што іншае, як злоўжываньне ўладай у асабістых мэтах», — мяркуе Міхаіл Пастухоў. Паводле экс-судзьдзі Канстытуцыйнага суду, роўных умоваў для прэтэндэнтаў у прэзыдэнты ў Беларусі ня створана.
«Больш за тое, у нас фактычна адзін прэтэндэнт аддае загады прыбраць з „выбарчай дыстанцыі“ іншых прэтэндэнтаў, што ўявіць у прававой дзяржаве немагчыма. Сумленных выбараў ужо няма», — упэўнены Міхаіл Пастухоў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.