У Горадні прайшоў суд у адміністрацыйных справах аднаго зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» Ўладзімерам Навумікам 29-30 чэрвеня. Ён удзельнічаў у паседжаньні праз Skype.
Навуміка затрымалі ў Горадні 29 траўня на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу, да таго ж у дачыненьні да яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 364. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Нядаўна стала вядома, што на Навуміка склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.Як зачытала судзьдзя Ларыса Барэль, Навумік нібыта лаяўся нецэнзурна, чапляўся да людзей, перашкаджаў праехаць аўтатранспарту, а потым, калі яго сталі затрымліваць міліцыянты, не падпарадкоўваўся, вырываўся, спрабаваў уцячы.
Навумік сваёй віны не прызнаў. Ён патлумачыў, што прыйшоў на плошчу, каб азнаёміцца зь біяграфіяй Ціханоўскай і, магчыма, паставіць за яе свой подпіс. Калі пачалася тузаніна на плошчы, ён адышоў падалей ад яе і здымаў тое, што адбывалася, на тэлефон.
Па словах Навуміка, неўзабаве ззаду да яго падышоў незнаёмец у цывільным адзеньні і з маскай на твары. Не прадставіўшыся, нічога не патлумачыўшы, заламаў Навуміку руку і пацягнуў яго ў мікрааўтобус без абазначэньняў. Як патлумачыў Навумік, ён важыць 65 кіляграмаў, таму ня здолеў бы і не спрабаваў супраціўляцца.
Як далей расказаў фігурант, у мікрааўтобусе незнаёмец паклаў Навуміка на падлогу і націснуў яму каленам на галаву. На пытаньне, за што той гэта робіць, мужчына адказаў Навуміку: «Бо ты здымаеш».
Па словах Навуміка, пасьля затрыманьня ў яго моцна падскочыў ціск, ён кепска цяміў, што адбываецца.
Сьведкамі выступілі супрацоўнікі АМАПу Павел Халява і Аляксандар Мацкевіч. Яны сказалі, што Навумік лаяўся нецэнзурна, чапляўся да людзей, парушаў парадак, а потым не падпарадкоўваўся, калі яго міліцыянты спрабавалі затрымаць.
Халява ўдакладніў, што ня бачыў, як Навумік чапляўся да людзей, хапаў іх за адзеньне. Мацкевіч патлумачыў, што Навуміка затрымлівалі праз падазрэньне ў злачынстве, калі пасьля штурханіны ўпаў міліцыянт. Па ягоных словах, Навумік «блытаўся пад нагамі».
Суд прызначыў Навуміку адміністрацыйны арышт паводле гэтых двух артыкулаў — за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі — агульнай працягласьцю 10 сутак. Фактычна ён ужо адбыў гэты тэрмін, бо і так знаходзіцца ў СІЗА. Суд у крымінальнай справе над Навумікам і іншымі фігурантамі справы Ціханоўскага яшчэ не праходзіў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.