Гарадзенка Віталія Навумік атрымала адразу стос лістоў ад мужа з «амэрыканкі», да таго ж — ліст зь дзіцячага садка, зь якога вынікае, што падставаў, каб забіраць дзіця зь сям’і, ня выявілі.
«Не ўяўляю, чаму я тут павінен знаходзіцца»
Уладзімер Навумік пайшоў 29 траўня па торт для дачкі, якая мела выпускны ў дзіцячым садку. Дадому не вярнуўся. Пазьней ягоная жонка Віталія даведалася, што мужа затрымалі на Савецкай плошчы разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і паплечнікамі. Вядома, што калі затрымлівалі Ціханоўскага, Уладзімер здымаў гэта на тэлефон. Тады яго і затрымалі.
Цяпер ён у сьледчым ізалятары № 1, што на вуліцы Валадарскага ў Менску, абвінавачваецца па частцы 1 артыкула 342 і падазраецца па 364 артыкуле Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Пасьля затрыманьня Ўладзімера да Віталіі прыйшла ў інтэрнат камісія зь дзіцячага садку з праверкай умоваў. Жанчына спужалася, што зь сям’і могуць забраць пяцігадовую дачку.
Амаль два месяцы ў Віталіі фактычна не было навінаў ад мужа. Днямі да яе прыйшло пяць лістоў зь СІЗА. Муж напісаў лісты ў розны час, але прыйшлі яны амаль адначасова. Некаторыя ішлі 2 тыдні.
«Я ні ў чым не вінаваты. Я ў гэтым упэўнены на 100 адсоткаў. Проста фатальная выпадковая несправядлівасьць. Нічога супрацьзаконнага я не зьдзяйсьняў, вы павінны гэта ведаць. Проста крыўдна за такую несправядлівасьць. Людзі сядзяць тут і ведаюць за што, а я не ўяўляю, чаму я тут увогуле павінен знаходзіцца», — чытае ліст ад мужа Віталія.
Давалі смачны боршч, можна прасіць дабаўку
Як ён аказаўся на плошчы ў той вечар, Уладзімер не патлумачыў. Ён у разгубленасьці і ня ведае, што рабіць далей. Папрасіў наняць адваката. Віталія ўжо заключыла дамову за грошы, якімі ёй дапамагалі неабыякавыя людзі.
Адвакатка сказала, што ніколі ў жыцьці ня бачыла чалавека ў такім стане, як Уладзімер у першыя дні пасьля затрыманьня. Як пераказвае Віталія, ён быў «у трансе, плакаў, яго трэсла».
У лістах Уладзімер паведаміў, што цяпер апамятаўся, здаровы. Напісаў, што кормяць іх добра і што ён нават ня можа зьесьці да канца вялікія порцыі. Расказаў, што давалі смачны боршч і што нават можна папрасіць дабаўкі. Штодня можна выходзіць на шпацыр, нехта на шпацыры займаецца спортам. Можна чытаць кнігі і пісаць лісты.
Ён прасіў жонку перадаць у СІЗА прысмакі, каб пачаставаць сукамэрнікаў, бо і зь ім дзяліліся. Да таго ж напісаў, што патрэбная гарбата, цыгарэты. Хацеў таксама шорты, але іх не прынялі, бо не дазволена. Таксама Ўладзімер прасіў, каб жонка пісала яму штодня, каб дасылалі лісты сваякі і сябры.
Віталія ня ведае, ці ёсьць у мужа інфармацыя пра тое, што адбываецца па другі бок кратаў, ці ведае ён пра затрыманьні людзей падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Пра тое, што да іх прыходзіла камісія і правярала жыльлёвыя ўмовы, яна мужу не пісала. Ён прасіў, каб малая дачка надалей хадзіла на гімнастыку, не прапускала заняткаў. Пяцігадовай Лізе сваякі кажуць, што тата ў камандзіроўцы.
Найбольш гарадзенку кранулі словы мужа ў лістах, што ён выйдзе на волю іншым чалавекам, што ён пераасэнсаваў свой погляд на жыцьцё, шмат аб чым падумаў. Прасіў, каб родныя яго чакалі, казаў, што іх любіць.
«Канечне, я буду чакаць. Перажывае, што мы яго цяпер кінем. Я яму пішу: „Перастань нават так думаць“», — рэагуе жонка затрыманага на такую просьбу.
Крытэраў сацыяльна небясьпечнага становішча ў сям’і ня выявілі
Нядаўна Віталія атрымала ліст зь дзіцячага садка пра рашэньне, якое прынялі ў дачыненьні да іхнай сям’і на паседжаньні рады па прафіляктыцы безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх.
У ім гаворыцца, што дзіця Навумікаў жыве ў добрых умовах, у асобным пакоі, дзе ёсьць месца для сну, гульняў, для падрыхтоўкі ўрокаў. Дзяўчынка добра разьвіваецца, жыве ў прыязнай сям’і. Бацькі плацяць за харчаваньне ў садку своечасова. У садку зрабілі выснову, што няма падставаў, каб ставіць сям’ю ў сацыяльна небясьпечнае становішча. На паседжаньні вырашылі параіць маці пры неабходнасьці зьвяртацца да псыхоляга ў паліклініку па месцы жыхарства.
Сама Віталія апошнім часам адчула ў сабе сілы, бо шмат людзей пісалі ёй з падтрымкай, дапамагалі матэрыяльна. Адна жанчына прапаноўвала Віталіі з дачкой пераехаць да яе на вёску на лета, каб дзіця не забралі зь сям’і. Псыхоляг быў гатовы падтрымаць сваімі паслугамі. Яшчэ адзін незнаёмец прапаноўваў сплаціць штраф, калі мужу яго прысудзяць.
Цяпер Віталія жыве надзеяй, што мужа могуць неўзабаве выпусьціць.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.