Аляксандар Фурманаў зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі з адкрытым лістом. Ягонага сына Зьмітра Фурманава, каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці, схапілі разам з крэслам з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы падчас пікету 29 траўня.
Прыводзім ягоны ліст ніжэй цалкам.
«Адкрыты ліст-зварот да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р.
Ад падпалкоўніка ў адстаўцы, інваліда 2-й групы Фурманава Аляксандра Васільевіча, бацькі Фурманава Дзьмітрыя Аляксандравіча.
Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!
Склаліся абставіны, якія вымусілі мяне зьвярнуцца да Вас з гэтым лістом-зваротам.
Я праслужыў у шэрагах Узброеных Сіл 27 гадоў. У 1989 годзе, пасьля заканчэньня вучобы ў ваеннай акадэміі імя Фрунзе ў горадзе Масква, я па ўласным жаданьні (бо меў на гэта права) быў накіраваны для далейшага праходжаньня службы ў Беларусь, горад Горадню на пасаду камандзіра вайсковай часткі. Зь велізарным задавальненьнем я са сваёй сям’ёй (жонка і два сыны) прыехаў у Беларусь.
На вялікі жаль, мы адразу ж сутыкнуліся зь цяжкасьцямі, асноўная зь іх — гэта адсутнасьць жытла, цягам 9 гадоў нам зь сям’ёй давялося бадзяцца па здымных кватэрах, жыць на тэрыторыі часткі ў прыстасаваным пад жыльлё памяшканьні. За гэты час наш старэйшы сын пасьпеў скончыць школу, адслужыць у арміі Рэспублікі Беларусь, ажаніцца і ў нас нарадзілася ўнучка. На нашу вялікую сям’ю мы зь цяжкасьцю атрымалі двухпакаёвую кватэру, у якой я пражываю з жонкай дагэтуль.
Нашыя абодва сыны Аляксей і Дзьмітры атрымалі вышэйшую адукацыю, скончылі ўнівэрсытэты, на дадзены момант па спэцыяльнасьці не працуюць, бо няма магчымасьці ўладкавацца на годную працу ў адпаведнасьці з атрыманай адукацыяй, усюды квітнее пратэкцыянізм, кумаўство, хабарніцтва.
Ужо падрасьлі ўнукі, іх у нас пяцёра ад старэйшага сына і праўнучка. Старэйшая ўнучка здымае кватэру (сваю пабудаваць няма ніякай магчымасьці), заканчвае горадзенскі ўнівэрсытэт [імя Янкі Купалы], унук вучыцца ў аграрным унівэрсытэце, абодва яны ня бачаць пэрспэктывы для нармальнага працаўладкаваньня па спэцыяльнасьці і годнага жыцьця ў нашай краіне, як і большасьць маладых людзей у Рэспубліцы Беларусь мяркуюць, што давядзецца шукаць лепшага жыцьця за мяжой.
Наш сын Дзьмітры заўсёды адрозьніваўся высокім пачуцьцём нецярпімасьці да несправядлівасьці, неаднаразова зьвяртаўся да кіраўніцтва і адміністрацыі горада Горадня, дзе паказваў на выпадкі безгаспадарлівасьці і адсутнасьць належнага рэагаваньня чыноўнікаў на названыя недахопы.
На гэтай глебе ён увайшоў у кантакт з блогерам Ціханоўскім Сяргеем, падтрымаў ягоныя ініцыятывы па паляпшэньні жыцьця людзей у Рэспубліцы Беларусь.
Сам ён на дадзеным этапе ня мае ні кватэры, ні добрай працы, яму 36 гадоў, ня можа завесьці сям’ю, займець дзяцей.
29 траўня 2020 году ў горадзе Горадня праходзіў пікет па зборы подпісаў у падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Ціханоўскай Сьвятланы, у якім Дзьмітры ўдзельнічаў у якасьці падпісчыка, бо зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы па горадзе Горадня.
Мы, як бацькі, прыехалі на плошчу горада Горадня, пабачыцца з сынам, прывезьлі яму перакусіць, бо ён не пражывае зараз з намі, ён сядзеў за сталом і прымаў подпісы грамадзян.
У гэты час на нашых вачах адбылася правакацыйная акцыя супраць Сяргея Ціханоўскага, мы знаходзіліся побач са столікам, за якім працаваў Дзьмітры. У гэты момант шасьцёра маладых хлопцаў у грамадзянскай форме адзеньня падбеглі да сына, схапілі яго разам з крэслам і пацягнулі праз сквэр да аўтамабіля зь менскімі дзяржаўнымі нумарнымі знакамі. Я разам з жонкай і некалькімі сьведкамі пабег за імі. Яго запхнулі ў аўтамабіль, я спрабаваў спыніць рух аўтамабіля, устаўшы перад ім, але быў ледзь ня зьбіты, пры гэтым атрымаў траўму нагі, але аўтамабіль зьехаў у невядомым накірунку, ёсьць сьведкі, якія зьнялі дадзены інцыдэнт.
Цягам двух сутак мы з жонкай спрабавалі высьветліць, дзе знаходзіцца наш сын пасьля выкраданьня. На нашыя пытаньні ні ў адным РАУС горада Горадні мы не атрымалі пацьверджаньня, дзе ён знаходзіцца. На маю заяву ад 29 траўня 2020 году ў 22 гадзіны 45 хвілін у Ленінскі РАУС горада Горадні аб зьнікненьні сына, я да гэтага часу так і не атрымаў адказу.
Асабліва абураюць паводзіны супрацоўнікаў УУС у дачыненьні да грамадзян, якія зьвяртаюцца да іх па дапамогу. У будынак УУС не ўвайсьці, жалезныя дзьверы, краты, пытаньні канкрэтным асобам не задаць, дзяжурныя адмахваюцца ці ўвогуле не зьвяртаюць увагі.
Даведаўшыся зь іншых крыніц, што наш сын знаходзіцца ў Менску ў ІЧУ, мы выехалі ў Менск 1 чэрвеня для высьвятленьня абставінаў. Нам пацьвердзілі яго месцазнаходжаньне. У дадзены дзень скончылася трохсутачнае затрыманьне без прад’яўленьня абвінавачваньня і працягнулі тэрмін знаходжаньня ў ІЧУ да 10 сутак, пра што нам паведаміў адвакат.
У сувязі з вышэйпададзеным вымушаныя задаць Вам шэраг пытаньняў:
1. Чаму ў нашай дзяржаве не выконваюцца патрабаваньні асноўнага закону Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб свабодзе выказваньня грамадзян?
2. Чаму органы правапарадку замест абароны грамадзян ад самавольства выконваюць зваротныя дзеяньні?
3. Як нашым дзецям і ўнукам жыць у далейшым у такой бяспраўнай дзяржаве?
4. Чаму мой сын незаконна затрыманы і ўтрымліваецца ў ІЧУ?
Аляксандр Рыгоравіч, адкажыце мне, як бацька бацьку, чаму Вашыя дзеці могуць працаваць і жыць годна, а мае дзеці ня маюць такой магчымасьці. Я на працягу ўсяго пражываньня ў Рэспубліцы Беларусь і маёй службы ў шэрагах узброеных сілаў заўсёды Вас падтрымліваў і ставіўся да Вас, як да законна абранага прэзыдэнта зь вялікай павагай.
Чакаю Вашага рэагаваньня на мой зварот.
Фурманаў А.В».
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.