Увечары 1 чэрвеня скончыўся трохдзённы тэрмін ад моманту затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага і 7 ягоных паплечнікаў у Горадні. Усіх іх затрымалі ў межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэксу), яны знаходзяцца ў менскім ізалятары на Акрэсьціна.
Пасьля сканчэньня трох сутак на волю ніхто ня выйшаў, з чаго праваабаронцы «Вясны» робяць выснову, што тэрмін утрыманьня пад вартай падоўжаны да 10 сутак. Цягам гэтага часу ім мусяць прад’явіць абвінавачаньні або вызваліць.
29 траўня у Горадні падчас правядзеньня пікету ў зборы подпісаў грамадзянаў за прэтэндэнтку на найвышэйшую пасаду Сьвятлану Ціханоўскую супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер YouTube канала «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 чалавек.
Затрыманьне адбылося пасьля таго, як некалькі жанчын спрабавалі стварыць канфліктную сытуацыю. Інцыдэнт скончыўся ўмяшаньнем міліцыі, дэманстратыўным падзеньнем аднаго праваахоўніка на зямлю і зьяўленьнем байцоў АМАП. Частку затрыманых пазьней вызвалілі.
30 траўня Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў сувязі з інцыдэнтам у Горадні распачатая крымінальная справа за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). Тады стала вядома, што Ціханоўскага і яшчэ 7 затрыманых перавезьлі ў Менск.
31 траўня праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай аб прызнаньні Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Праваабаронцы патрабуюць спыненьня крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да яго, а таксама вызваленьня іншых затрыманых у Горадні грамадзян.
1 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне ўдзельнікаў каманды «Краіна для жыцьця» Арцёма Сакава і Канстанціна Сярогіна. Сярогіна пазьней адпусьцілі, а Сакаў затрыманы на 3 сутак у межах крымінальнай справы.
Увечары 1 чэрвеня ператрус правялі ў кватэры аднаго з затрыманых Уладзімера Навуміка, канфіскавалі ноўтбук і флэшкі. Вядома таксама пра ператрусы ў Яўгена Разнічэнкі, Сяргея Калмыкова, Васіля Баброўскага.
Невядомыя людзі забралі адну з машынаў, на якой у Горадню прыехала каманда Ціханоўскага. Уладальнік машыны Ўладзімер Кузьняцоў напісаў заяву пра згон аўто.
Сьпіс затрыманых у межах крымінальнай справы паводле арт. 364 КК Беларусі
1. Ціханоўскі Сяргей
2. Разьнічэнка Яўген
3. Фурманаў Зьміцер
4. Навумік Уладзімер
5. Ушак Вяргілій
6. Арановіч Аляксандар
7. Калмыкоў Сяргей
8. Баброўскі Васіль
9. Сакаў Арцём (знаходзіцца ў ІЧУ Горадні)
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.