Бацька Дзьмітрыя Фурманава, затрыманага 29 траўня ў Горадні, расказаў, як ён памяняў думку пра міліцыянтаў і Лукашэнку.
«Подленька»
Аляксандар Фурманаў — бацька Дзьмітрыя, пэнсіянэр, жыве ў Горадні. Дзьмітры Фурманаў — каардынатар каманды Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці.
Абодва прысутнічалі на Савецкай плошчы, калі былі затрыманьні. Па словах Аляксандра, сына схапілі адначасна зь Ціханоўскім. Аднекуль прыбеглі хлопцы ў цывільным адзеньні і «выкралі» яго з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы, разам з крэслам, на якім сядзеў.
«Подленька», — кажа пра такое затрыманьне Аляксандар.
За што ўзялі сына, ён дагэтуль не разумее. Бацька ведае, што за ранейшую сустрэчу Дзьмітрыя зь Ціханоўскім, яшчэ да прэзыдэнцкай кампаніі, яго маглі затрымаць. Яго часта пільнавалі пад домам міліцыянты. Аднак Фурманаў амаль не выходзіў з кватэры апошнім часам.
«Гэта не парушэньне закону, гэта дазволена. Яны проста ініцыявалі гэтую правакацыю», — разважае пра затрыманьні падчас законнага пікету суразмоўца.
Даведацца, дзе сын, бацькам удалося толькі на наступны ранак. Ён быў тады ў ІЧУ Горадні. У той жа дзень разам зь іншымі Дзьмітрыя перавезьлі ў менскі ізалятар, што ў завулку Акрэсьціна.
Бацька кажа, што даведацца нешта пра сына ад дзяжурнай адвакаткі яму не ўдалося. Да таго ж абаронца папрасіла заплаціць за некалькі гадзін ейнай працы 350 рублёў, хоць яна дзяржаўная адвакатка, а не па дамове.
«З чым я сутыкнуўся, калі Дзіму затрымалі, — зь міліцыяй, з органамі. Нікуды не падысьці, не запытацца. Мы для іх ніхто, сьмецьце», — кажа Аляксандар.
«Якая ў нас бяспраўная краіна!»
1 чэрвеня бацькі паехалі ў Менск і знайшлі для сына прыватнага адваката. Да апошняга яны спадзяваліся, што сына адпусьцяць, калі выйдуць 72 гадзіны затрыманьня. Аднак ім паведамілі, што тэрмін затрыманьня працягнулі да 10 дзён. У якім статусе цяпер Дзьмітры, бацька ня ведае. Адно — што абвінавачваньне яму не прад’явілі.
Новы адвакат бачыў Дзьмітрыя. Па ягоных словах, Дзьмітрыя пабілі. Дзьмітры папрасіў паперу і асадку, каб напісаць скаргу аб незаконным затрыманьні. Бацькам удалося перадаць Дзьмітрыю перадачу: прадукты, цёплыя рэчы, гігіенічныя сродкі. Ад адваката яны ведаюць, што перадача дайшла.
Пасьля затрыманьня Дзьмітрыя бацька стаў больш цікавіцца палітыкай.
«Калі я сам у гэта ўсё акунуўся — якая ў нас бяспраўная краіна! Я цяпер падтрымліваю Ціханоўскага ўсім сэрцам», — кажа гарадзенец.
Раней ён удзельнічаў ва ўсіх выбарах, з задавальненьнем галасаваў за Лукашэнку.
«Ён мне адпачатку вельмі падабаўся. Ледзьве не закаханы быў у яго. Быў вельмі на ягоным баку. А цяпер не», — падсумоўвае пэнсіянэр.
На ягоную думку, затрыманьні адбыліся, «бо ўлада адчула, што пад ёй хістаецца крэсла».
«Беларусы — народ цярплівы, але ўжо немагчыма. Моладзь ня можа ўладкавацца на нармальную працу. Паўсюль кумаўство», — кажа суразмоўца.
«У міліцыю раней хадзілі па дапамогу, а цяпер туды зайсьці немагчыма. Да такой ступені міліцыю пераўтварылі — як борздыя шакалы, апрычнікі», — абураецца Фурманаў.
«Напэўна, я не памыляюся, што людзі ўсе так кажуць. Яны такім спосабам спрабуюць запужаць народ», — мяркуе ён.
Ператрусаў у кватэры, дзе жыў Дзьмітры, і ў жытле ягоных бацькоў пакуль не было.
Дзьмітрыю 34 гады. Раней ён працаваў інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі. Нядаўна звольніўся, адвучыўся на праграміста. Апошнім часам падцягваў ангельскую мову і шукаў працу праграміста. Па словах бацькі, Дзьмітры заўжды змагаўся зь несправядлівасьцю.
«Будзем спадзявацца, што справядлівасьць пераможа», — аптымістычна завяршае гутарку Аляксандар.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.