З 15 гадзін праходзіць вобшук на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага. Ягоны сябар Ігар знаходзіцца там.
«Прайшло ўжо тры агляды. Зьмянілі тры разы панятых. Начальнік нейкі прыехаў і пытаецца: «Знайшлі забароненыя рэчывы?», — распавёў Свабодзе Ігар.
«Нешта ўсё шукаюць, ніяк ня могуць знайсьці. Ужо тры пратаколы напісалі, увесь дом агледзелі тры разы, увесь двор — лазьню, хлявы, прыбіральню. Яны (сьледчыя, — РС) тэлефануюць начальству, ім кажуць: „Шукайце далей“, — зноў нешта шукаюць», — зазначыў сябар Ціханоўскага.
Паводле яго, на лецішчы сьледчыя знайшлі шмат дакумэнтаў, якія тычацца дзейнасьці Сяргея Ціханоўскага як прадпрымальніка. «Забралі больш за 200 тэчак з дакумэнтамі, прычым не апісвалі, што там, грэблі ўсё падрад. Там паперы з 2003, 2006 году. Ня ведаю, для чаго ён іх захоўваў. Забралі рацыі — такія амаль дзіцячыя, прымітыўныя, яны выкарыстоўваліся на пляцоўцы даўно, калі Сяргей здымаў рэклямныя ролікі», — дадаў Ігар.
Сьледчыя канфіскавалі пнэўматычны аўтамат і будуць высьвятляць, ці законна Сяргей яго трымаў. Бо паводле закону аўтаматы, якія маюць да 7,5 джоўляў дульнай энэргіі можна трымаць дома без рэгістрацыі ў міліцыі, што звыш 7,5 джоўляў — неабходна рэгістраваць.
Ігар кажа, што маці Сяргея сябе нядобра адчувае, у яе хворае сэрца, прасіла сьледчых ужо паехаць у Гомель — там у яе лекі. «Сьледчыя сказалі, што маюць права ноччу праводзіць свае дзеяньні, калі гэта тэрмінова», — кажа сябар Ціханоўскага.
З пастановы на ператрус вынікае, што Ціханоўскі праходзіць падазраваным у крымінальнай справе па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.