Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дачы Ціханоўскага адбываецца ператрус


Блогер Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Блогер Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Вобшук праходзіць на дачы пад Гомлем, у невялікім пасёлку, — паведаміў Свабодзе каардынатар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Самога Сяргея Ціханоўскага перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, сёньня яму перадалі перадачу, паведаміў Кабанаў са спасылкай на адваката.

«Маці Сяргея была ў Менску, дапамагала Сьвятлане даглядаць дзяцей. Сьледчы пазваніў, яе забралі зь Менску і павезьлі ў Гомель на вобшук. Вобшук адбываецца проста цяпер. Адвакат папярэдзіў Сьвятлану, што, верагодна, вобшук будзе і ў яе», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

Сьвятлана Ціханоўская паведаміла Радыё Свабода, што вобшук адбываецца ў садовым таварыстве Уць за 30 кілямэтраў ад Гомля. Яна кажа, што Сяргей там ані прапісаны, ані зарэгістраваны, але часам прыяжджаў туды пераначаваць.

Сьвятлана дадала, што ў маці Ціханоўскага хворае сэрца, але сьледчыя сказалі, што калі яна не паедзе зь імі, то лецішча ўзламаюць і ўсё адно абшукаюць. Паводле інфармацыі Сьвятланы, ужо ўскрытыя дзьверы і праведзены вобшук у відэастудыі Сяргея Ціханоўскага ў цэнтры Гомля.

3 чэрвеня затрыманьне Сяргея Ціханоўскага пракамэнтаваў іншы патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Віктар Бабарыка.

«Гомель нарадзіў такіх лідэраў, як Андрэй Стрыжак — стваральнік ByCovid-19 і змагара Сяргея Ціханоўскага. У нас зь ім розныя мэты, але тое, што зь ім адбываецца — ні разу не законна і правакацыйна. Я бачу, што ў Гомлі фармуецца грамадзянская супольнасьць», — сказаў Віктар Бабарыка.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG