"Дзе тут журналісты ўбачылі калізію - мне складана здагадацца. У першым квартале пастаўкі малочнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею павялічыліся на 37%", - сказаў А.Сурыкаў.
"Есьць такая пастаноўка пытаньня – у Расеі ўведзены новыя тэхрэглямэнты на малочную прадукцыю. Гэту калізію зараз пераадольваюць наглядныя органы дзьвюх краін і прадпрыемствы. Гэты калізійный пэрыяд скончыцца", - сказаў амбасадар.
Паводле Сурыкава, так званая "малочная вайна" была разьвязаная найперш прэсай. "Прэсе цікава мусіраваць смажаныя факты, я ледзь не захлынуўся ў гэтым малацэ", - сказаў А.Сурыкаў.
“Мыта на нафту – анахранізм”
Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, пра неабходнасьць юрыдычна замацаваць дамоўленасьць пра пастаўкі расейскага газу ў Беларусь па сярэднегадавой цане.
Таксама ён назваў анахранізмам наяўнасьць спэцмыта на расейскую нафту.
"Фармаваньне мытнага саюзу азначае, што на ўнутраных яго межах адсутнічае мыта. Нам з вамі – Расеі і Беларусі – давядзецца перагледзець пагадненьне двух урадаў аб пастаўках нафты ў Беларусь, якое заканчваецца сёлета”, - сказаў А.Сурыкаў.
Расея палічыць крэдыт яшчэ месяц
Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што Расея не адмаўляла Беларусі ў выдачы крэдыту на 500 мільёнаў даляраў.
Ён адзначыў, што гэтае пытаньне яшчэ разглядаецца і Расея не прапаноўвала гэты крэдыт у рублях.
“Насамрэч была размова, што, можа, Беларусь магла б узяць гэты крэдыт у рублях, але беларускі бок гэта не задаволіла, а таму крэдыт будзе выдавацца ў далярах”, — сказаў А.Сурыкаў. — “Пытаньне пра крэдыт не закрыта. Улічваючы крызісную сытуацыю, проста Міністэрства фінансаў сказала: давайце яшчэ месяц палічым”.
Пасол Сурыкаў не выключае выдзяленьня гэтага крэдыту з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Ён таксама адзначыў, што пытаньне крэдыту Беларусі — “гэта справа ўзаемапаважлівых перамоваў і разьлікаў”, — перадае Інтэрфакс.