“Для мяне Беларусь – краіна, якая дагэтуль не вярнулася з вайны. Паслухаем, якія песьні пяюць за сталом па сьвятах нашыя людзі – ваенныя. Глядзяць ваенныя фільмы па тэлевізіі. Карыстаюцца ваенным слэнгам у дзяржаўных СМІ…
Кругом ворагі – мы жывем, як на вайне. А там ці ты з намі, ці ты супраць нас, пасярэдзіне – не бывае. А як супраць, то цябе трэба зьнішчыць маральна, прыдушыць, з табой трэба бясконца змагацца!
А ў мірным грамадзтве людзі думаюць, як зрабіць так, каб грамадзяне з рознымі інтарэсамі жылі побач і жылі мірна.
Для мяне заўсёды было цікавым пытаньне, чаму беларускі бок дагэтуль, праз 60 год, не ратыфікаваў пагадненьне пра захаваньне салдат варожай арміі. На першы погляд здаецца, што ў тым нічога асаблівага – проста нейкая дурасьць беларускага кіраўніцтва.
Але насамрэч усё намнога больш сур’ёзна, калі людзі ня думаюць пра мёртвых. Калі няважна, колькі салдат было забіта ўчора.
Калі наступае мір і прыходзіць час думаць пра страты, і думаць пра тое, што ж мы нарабілі, і думаць, як жыць далей? Як будаваць разам супольную будучыню?
Калі ідзе вайна – будучыні няма.
Паглядзіце, у якім стане нашыя могілкі. Звычайныя, нават не салдацкія часоў другой сусьветнай… Могілкі ў Беларусі і ў той жа Нямеччыне? Розьніца відавочная. Таму што ў Нямеччыне мір, а ў нас у грамадзтве – вайна.
Вайна ідзе ў галовах.
І я працую дзеля таго, каб нягледзячы ні на што ўсе людзі Беларусі зьнялі шынялі і вярнуліся ўрэшце рэшт дамоў. Туды, дзе іх ужо зачакаліся. Будаваць мірнае жыцьцё і будучыню разам”.