Галоўны рэдактар недзяржаўнага выданьня “Газета Слонімская” Віктар Валадашчук даў тлумачэньні ў міжраённай пракуратуры з факту некалькіх публікацыяў. Нагодай для гэтага сталі прэтэнзіі да газэты з боку абласнога ўпраўленьня юстыцыі.
Прэтэнзіі да рэдактара тычацца леташніх публікацыяў. У прыватнасьці, некалькі матэрыялаў з залі суду былі апублікаваныя раней, чым рашэньне суду ўвайшло ў законную сілу.
Яшчэ некалькі прэтэнзіяў зьвязаныя з тым, што ў газэце было апублікавана інтэрвію з прадстаўніцай аддзяленьня Саюзу палякаў у Слоніме і згадваліся назвы палітычных партыяў і рухаў, нібыта не зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі.
Віктар Валадашчук усе прэтэнзіі называе надуманымі.
Сьледчы адзначыў, што копія ліста абласнога ўпраўленьня юстыцыі была накіраваная ў Міністэрства інфармацыі РБ.
Рэдактар “Газеты Слонімскай” бачыць у гэтым пагрозу для рэдакцыі, паколькі, зь ягоных словаў, так некалькі гадоў таму пачыналі закрываць недзяржаўную газэту ў Смаргоні.
На працягу апошніх двух гадоў “Газеце Слонімскай” не дазваляюць карыстацца паслугамі падпіскі празь “Белпошту”, распаўсюджвацца празь “Белсаюздрук” і друкавацца ў мясцовай друкарні.
“Газета Слонімская” — апошняе незалежнае выданьне ў Гарадзенскай вобласьці.