Ужо сёньня, 5 красавіка

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ВЫХОДЗЯЧЫ З ДОМУ...


...бярэце парасон. Тэмпэратура: 7 – 13°С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Канстытуцыйны суд агучвае рашэньне аб адпаведнасьці "Карты паляка" прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Мінскі гарадзкі суд разглядае касацыйныя скаргі на прысуды турэмнага зьняволеньня Аляксандру Атрошчанкаву, Зьмітру Новіку і Аляксандру Малчанаву. Пачатак а 10.00.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран у Пакістане.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустракаецца ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам Ізраілю Шымонам Пэрэсам.

Расея запускае ў космас карабель “Саюз-21” з экіпажам з касмадрому Байканур.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1996 годзе КДБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш “Убей президента”, зьмешчаны ў віцебскай газэце “Выбар”.

У 1942 годзе нарадзіўся беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша.

У 2005 годзе памёр амэрыканскі пісьменьнік Сол Бэлоў (нар. 1915), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1976-га.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень чысьціні і яснасьці ў Кітаі.

Дзень саджэньня дрэваў у Паўднёвай Карэі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: Юры Лявонаў: “Пасьля арышту мне паведамілі, што я мушу казаць”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Не магу, не хачу адмовіць,
Калі просяць вочы твае,
Калі рукі пяшчотна ловяць,
Твае рукі ловяць мае.

Сёньня твой, я сьцялю нам ложак,
Выдзяляючы эндарфін;
Я твой бог, твой д'ябал бяз рожак,
Муж любімы твой, бацька, сын.

Я прыйшоў. Ты рабі, што трэба:
Расцалуй альбо прагані,
Альбо выплаві зь мяне срэбра
На сваім залатым агні.


Славамір Адамовіч