Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 4 красавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПЕРАВАЖНА БЕЗ АПАДКАЎ...


Ад 11°С на паўночным усходзе да 18°С на паўднёвым захадзе.


ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Страсбуры пачнецца сэсія Эўрапейскага парлямэнту.

У Рыме старшыня Нацыянальнай пераходнай рады Лібіі Алі аль-Ісаві правядзе перамовы зь міністрам замежных справаў Італіі Франка Фратыні.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн наведае Турэччыну.

На Гаіці абвесьцяць папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.


У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1794 годзе адбылася першая бітва паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта была бітва пад Рацлавіцамі каля Кракава, адкуль Касьцюшка пачаў сваю вызвольную вайну супраць далучэньня земляў і народаў Рэчы Паспалітай да Расейскай імпэрыі. У бітве пад Рацлавіцамі Касьцюшка меў 4100 жаўнераў і 2000 сялянаў з косамі. Ягонае войска нанесла расейскай рэгулярнай арміі першую паразу – яна адыграла вялікую ролю для пашырэньня вызвольнае вайны на ўсю тэрыторыю Рэчы Паспалітай, у тым ліку і цяперашняй Беларусі.

У 1949 годзе быў створаны Паўночнаатлянтычны альянс – НАТО.

У 1557 годзе нарадзіўся адзін з цэнтральных пэрсанажаў беларускай гісторыі – вялікі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Родам ён з старажытнага праваслаўнага беларускага роду, зь вёскі Астроўна ў цяперашнім Бешанковіцкім раёне. Сярод заслугаў Лява Сапегі – падрыхтова Статуту 1588 году – найбольш прагрэсіўнага на той час у Эўропе зводу фэадальнага права, напісанага па-беларуску. Апроч гэтага, Сапега быў таленавітым вайскаводцам і мэцэнатам старажытнай беларускай культуры.

Сярод іншых знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 4 красавіка ў розныя гады, – ангельскі пісьменьнік Майн Рыд, аўтар раману “Коньнік без галавы”; савецкая кансьпірацыйніца Алена Мазанік, якая ў часе II сусьветнай вайны падарвала на міне генэральнага камісара Беларусі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ; і культавы расейскі кінарэжысэр Андрэй Таркоўскі.


МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Ірына Дубянецкая – пра кнігі, што ёсьць пажыткам для розуму і ўцехай для сэрца”.


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можем...” – Леў Сапега ў прадмове да Статуту 1588 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG