Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі беларускае інфармацыйнае агенцтва «Позірк»


Скрыншот са старонкі сайту інфармацыйнага агенцтва «Позірк»
Скрыншот са старонкі сайту інфармацыйнага агенцтва «Позірк»

19 сьнежня МУС Беларусі прызнала беларускае інфармацыйнае агенцтва «Позірк» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Адпаведнае рашэньне было апублікаванае на сайце ведамства.

«Экстрэмісцкімі» прызнаныя сайт і сацыяльныя сеткі мэдыя.

Датычнымі да дзейнасьці «Позірку» МУС палічыла 5 чалавек: гэта, паводле ведамства, беларуская журналістка Тацяна Каравянкова, праваабаронца Раман Кісьляк, доктар філязофіі, палітоляг Пётра Рудкоўскі, палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман і палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.

Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» створанае часткай былой каманды найстарэйшага беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і першай у краіне інтэрнэт-газэты Naviny.by. Журналісты і рэдактары «Позірку» былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасьля таго, як у лістападзе 2021 году КДБ унёс БелаПАН у спіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў».

«Позірк», як і раней БелаПАН, працуе ў фармаце інфармацыйнага агенцтва і выпускае навіны, аналітыку, інтэрвію і камэнтары экспертаў аб падзеях у Беларусі на беларускай, расейскай і ангельскай мовах, гаворыцца на сайце выданьня.

  • БелаПАН — найстарэйшае незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі. Яно працавала з 1991 году. З таго часу ня раз улады рабілі ў кампаніі шматлікія праверкі, ператрусы, заводзілі на супрацоўнікаў крымінальныя справы, кідалі журналістаў за краты, заблякавалі сайт Naviny.by.
  • Першага лістапада КДБ прызнаў БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваньнем». У той жа дзень, каб пазьбегнуць пагрозы перасьледу супрацоўнікаў, што заставаліся на волі, дзейнасьць БелаПАН была прыпыненая.
  • 6 кастрычніка 2022 году судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка агучыў выракі 4 фігурантам «справы БелаПАН»: галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай прысудзілі 4 гады калёніі (нядаўна яна выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін); былому дырэктару выданьня Дзьмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калёніі; былому намесьніку дырэктара, мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі; жонцы Аляксандрава Ірыне Злобінай — 9 гадоў калёніі.Таксама палітвязьням па «справе БелаПАН» прызначылі буйныя штрафы.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG