У Сырыі паўстанцы знайшлі сакрэтныя падземныя камэры ў турме — яны ня могуць іх разблякаваць і вызваліць вязьняў

Ілюстрацыйнае фота. Людзі на вуліцах Алепа, 9 сьнежня 2024

У Сырыі паўстанцы спрабуюць вызваліць тысячы зьняволеных з сакрэтнай часткі турмы Сэйдная, разьмешчанай на некалькіх паверхах ніжэй за асноўны будынак, паведамляе BBC і Daily Mail са спасылкай на ўлады муніцыпалітэту Дамаску.

Турма Сэйдная разьмешчаная ў 30 кілямэтрах на поўнач ад Дамаску. Яна знаходзілася пад юрысдыкцыяй Мінабароны Сырыі і кіравалася вайсковай паліцыяй. Паводле зьвестак Amnesty International, з 2011 году туды адпраўлялі як мірных праціўнікаў уладаў, так і вайскоўцаў, якіх падазравалі ў неляяльнасьці рэжыму Башара Асада. Тысячы людзей зазналі там катаваньні, каля 13 тысяч чалавек, як сьцьвярджаецца, пакаралі сьмерцю.

Паўстанцы вызвалілі зьняволеных, якія знаходзіліся ў асноўным будынку, але знайшлі заблякаваныя сакрэтныя камэры на ніжніх паверхах турмы. Паводле розных зьвестак, гэта тры ці чатыры паверхі пад зямлёй. Усе ніжнія ўзроўні адчыняюцца пры дапамозе электроннага мэханізму, да якога ў паўстанцаў няма доступу.

«Яны ня могуць адкрыць яго, таму што для гэтага патрабуецца пэўны мэханізм, а салдаты і афіцэры, якія былі тут раней, сышлі», — цытуе словы мясцовага актывіста выданьне The Middle East Eye.

Сырыйская група грамадзянскай абароны «Белыя каскі» абвясьціла, што накіравала «спэцыялізаваныя аварыйныя каманды», якім дапамагае чалавек, знаёмы з уладкаваньнем турмы. Новыя ўлады муніцыпалітэту Дамаску сьцьвярджаюць, што там могуць знаходзіцца «100 тысяч» чалавек, але гэтыя зьвесткі — непацьверджаная інфармацыя. Яны баяцца, што зьняволеныя могуць задыхнуцца, калі камэры ня будуць праветрывацца.

За апошнія 10 дзён паўстанцы вызвалілі зьняволеных у Алепа, Хомсе, Хаме і Дамаску. На кадрах, якія публікуюць СМІ, можна ўбачыць жанчын і дзяцей, некаторыя зь якіх нарадзіліся ў турме Сэйдная.

Паводле зьвестак праваабаронцаў і былых зьняволеных, катаваньні ў турме мелі сыстэматычны характар. Паўстанцы, якія зайшлі на тэрыторыю турмы Сэйдная, паказалі «жалезны прэс», які, як сьцьвярджаюць яны, выкарыстоўваўся, каб сьціскаць цела зьняволенага і ламаць яму хрыбетнік.

У 2017 годзе чатыры сырыйцы падалі ў Фэдэральную пракуратуру Нямеччыны скаргу аб злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах у Сырыі, паведамляе Эўрапейскі цэнтар канстытуцыйных правоў і правоў чалавека. У пэрыяд са сьнежня 2011 году па чэрвень 2014 году ў турме Сэйдная і вайскова-палявым шпіталі Тышрын, паводле іх зьвестак, учыняліся забойствы і катаваньні зьняволеных.

  • 27 лістапада ўзброеныя сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі сырыйскага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс), а 8 сьнежня ўвайшлі ў Дамаск, падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад.
  • У МЗС Расеі заявілі, што Башар Асад правёў перамовы з апазыцыйнымі сіламі і ў выніку «вырашыў пакінуць прэзыдэнцкую пасаду, пакінуў краіну і даў указаньне перадаць уладу мірным шляхам». Увечары Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак.
  • Лідэры паўстанцаў абяцаюць сфармаваць новы ўрад шляхам выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На межах Сырыі чэргі з уцекачоў, якія хочуць вярнуцца дадому. Краіны ЭЗ спыняюць разгляд прашэньняў аб прытулку ад сырыйцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта Сырыі — «магутная поўха» для Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «І ў Беларусі магчыма, як у Сырыі», — Фейгін пра тое, як зрынаюць дыктатараў, якія падаваліся непахіснымі

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.