Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «І ў Беларусі магчыма, як у Сырыі», — Фейгін пра тое, як зрынаюць дыктатараў, якія падаваліся непахіснымі


Блогер, палітык, адвакат Марк Фейгін. Зрынаньне рэжыму Асада. Ілюстрацыйны каляж
Блогер, палітык, адвакат Марк Фейгін. Зрынаньне рэжыму Асада. Ілюстрацыйны каляж

Пра лёс Башара Асада і масавае вызваленьне сырыйскіх палітвязьняў у беларускім кантэксьце пагаворым з расейскім палітыкам, праваабаронцам, адвакатам і блогерам Маркам Фейгіным.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Сырыйскія паўстанцы працягваюць вызваляць людзей з падземных турмаў рэжыму Асада. Паўстанцы паклалі канец 54-гадоваму кіраваньню сям’і Асадаў. 8 сьнежня ў Сырыі быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну. Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. Марк, што азначае зрынаньне сырыйскага дыктатара для Беларусі, для ўсяго нашага рэгіёну?

— Гэта яшчэ сымбалічная, акрамя таго што палітычная, падзея, якая сьведчыць пра тое, што дыктатуры канечныя. Яны сапраўды канечныя, таму што за гады асабліва пэрсаналісцкія, сямейныя, дынастычныя дыктатуры награмаджаюць у адносінах да сябе высокую ступень адрынаньня — вонкавага, унутранага, усялякага. Гэта і палітычнае, і нават асабістае адрынаньне, бо ніхто ня можа навязваць сябе занадта доўга. Гэта нават псыхалягічна немагчыма. Рана ці позна яны ўсе заканчваюцца. Мы ж бачылі на нашых вачах у XX стагодзьдзі канец дыктатураў у Лібіі, Іраку і лёсы гэтых дыктатараў... Многа прыкладаў таму, і гэта гаворыць пра асуджанасьць любой дыктатуры. Яна можа быць зьвязаная са сьмерцю дыктатара — фізычнай ці палітычнай, якая канвэртуецца ў фізычную. А можа — з валявымі дзеяньнямі праціўнікаў рэжыму. І там могуць выкарыстоўвацца як зьнешнія, так і ўнутраныя фактары. Напрыклад, чымсьці новым стала сыстэма паходаў, калі на сталіцу рухаюцца інсургенты. Трэба сказаць, што нешта падобнае запраграмавана і ў адносінах да некаторых дыктатур на прасторы былога СССР.

У Беларусі такое вельмі магчыма. У Маскве вы бачылі 24 ліпеня паход Прыгожына, які завяршыўся нічым. Ён проста спыніўся. Калі б ён працягваўся, вялікае пытаньне, да чаго гэта б прывяло. Гэтыя паходы чым каштоўныя? Яны не сустракаюць перашкодаў. Калі няма істотнай вонкавай сілы, як у выпадку з Сырыяй, ці ўнутранай, як у выпадку з Масквой, калі яна ня ўцягваецца, гатовая ахвяраваць сабой дзеля абароны ўлады дыктатара, яны не сустракаюць перашкодаў. Гэта загадка і адгадка адначасова. Усё адбылося вельмі хутка... І ніхто ня хоча паміраць за дыктатара. Сёньня амбасадар Сырыі заяўляе пра «ганебныя ўцёкі дыктатара». Так ён кажа пра свайго былога начальніка, кажа пра карупцыйны рэжым. Як хутка яны пераварочваюцца... Гэта сьведчыць пра тое, што любая дыктатура мае толькі прытворную ляяльнасьць. Усе гэтыя падлізьнікі ў Менску ці Маскве гэтак жа перавернуцца ў адну сэкунду, калі паход будзе ўдалы...

— Аляксандар Лукашэнка калісьці даволі нэрвова рэагаваў на тое, якім чынам быў пакараны сьмерцю лібійскі дыктатар Муамар Кадафі, раней Садам Хусэйн. На момант запісу гэтай размовы мы маем толькі заяву Расеі пра прытулак Асаду, яшчэ яго ня бачылі. Калі ўсё так, як кажа расейскі бок, то Асад у нейкім сэнсе паўтарае лёс зьбеглага Віктара Януковіча. Як вам бачыцца, як рэагуе непахісны дагэтуль Лукашэнка на лёсы зрынутых дыктатараў?

— Раз за разам назіраем розныя варыянты канца дыктатараў, часам драматычныя, як у выпадку з Кадафі ці Хусэйнам. Башару Асаду больш пашанцавала... Ён загадзя перавёз усіх, сям’ю. Яны даўно ўжо пераехалі, яны прадбачылі гэты канец на працягу апошняга тыдня лістапада, калі падзеі імкліва разьвіваліся. Назіраць, як заканчваюцца дыктатуры, як заканчваюцца лёсы гэтых дыктатараў, — канечне, гэта палохае і Пуціна, і Лукашэнку. Амаль 42 гады лібійскі дыктатар Кадафі кіраваў. А ў старасьці ён упадае ў сытуацыю, што моладзь ужо не разумее, пра што ён гаворыць, яна яго ня чуе...

Дыктатары асуджаюць сябе на гэты разлад з часам, на тое, што яны адрываюцца канчаткова ад сваіх грамадзянаў, асабліва ад маладога пакаленьня. У Беларусі гэта асабліва востра адчуваецца, таму што Пуцін яшчэ можа мімікраваць, у яго ёсьць да гэтага здольнасьць, але Лукашэнка з тых дыктатараў, хто з «калгаснай» думкай адносна вонкавага сьвету, сваёй ролі так і застаўся... Ягоныя замашкі так званага «бацькі» маладымі людзьмі не ўспрымаюцца, сучасны чалавек проста не разумее, як гэта. У яго зусім іншыя прыярытэты маральныя, палітычныя ды іншыя. Гэты разлад непераадольны. Старасьць год за годам пагаршае гэтую палітычную сытуацыю.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG