Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскія паўстанцы працягваюць вызваляць людзей з падземных турмаў рэжыму Асада


У адной з турмаў Сырыі, архіўнае фота
У адной з турмаў Сырыі, архіўнае фота

Вызваленыя сьвяткуюць разам зь землякамі на вуліцах сырыйскіх гарадоў і расказваюць пра зьверствы рэжыму.

Як адзначаюць усясьветныя інфармацыйныя агенцтвы, многія людзі крычалі ад страху, калі паўстанцы адчынялі дзьверы ў іхных камэрах — некаторыя думалі, што іх будуць выводзіць на сьмяротнае пакараньне. Адзін з такіх людзей Башар Бархум. 63-гадовы пісьменьнік быў асуджаны рэжымам Асада на сьмяротнае пакараньне, яго вызвалілі з падземнай турмы, у якой ён правёў 7 месяцаў, піша AP.

Калі паўстанцы ўсяго за 10 дзён пракаціліся па Сырыі, каб пакласьці канец 54-гадоваму кіраваньню сям'і Асада, яны ўварваліся ў турмы і ўстановы бясьпекі, каб вызваліць палітычных зьняволеных і многіх зь дзясяткаў тысяч людзей, якія зьніклі з пачатку канфлікту ў 2011 годзе.

Сырыйскія турмы сумна вядомыя сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня. Катаваньні насілі сыстэматычны характар, кажуць праваабаронцы, інфарматары і былыя зьняволеныя. Паведамляецца аб сакрэтных пакараньнях сьмерцю ў больш як двух дзясятках аб’ектаў, якія знаходзіліся ў падпарадкаваньні сырыйскай выведкі, а таксама ў іншых месцах.

У 2013 годзе сырыйскі вайсковы перабежчык, вядомы як «Цэзар», кантрабандай вывез больш за 53 тысячы фатаздымкаў, якія, на думку праваабарончых групаў, дэманструюць відавочныя доказы нястрымных катаваньняў, а таксама хвароб і голаду ў сырыйскіх турмах.

На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сайдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень, паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011 па 2016 гг.

Апошнімі днямі паўстанцы, якія зрынулі Асада, вызвалілі дзясяткі тысяч палітычных зьняволеных у Хомсе, Хоме, Дамаску і Алепа. Пры гэтым многія сем'і яшчэ чакаюць хоць якіх вестак ад сваякоў. Журналісты прыводзяць прыклады людзей, якія трапілі ў сакрэтныя турмы Асада яшчэ ў 2011-м, і з тае пары ад іх не было ніякіх навінаў.

8 сьнежня ў Сырыі быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну. Увечары Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве расейскія вайсковыя базы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG