Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асад у Маскве, ён атрымаў прытулак, — расейскія дзяржаўныя СМІ


Расейскі вайсковец паміж партрэтамі прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада (справа) і кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна на кантрольна-прапускным пункце на ўскраіне Дамаску, 1 сакавіка 2018
Расейскі вайсковец паміж партрэтамі прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада (справа) і кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна на кантрольна-прапускным пункце на ўскраіне Дамаску, 1 сакавіка 2018

Зрынуты прэзыдэнт Сырыі Башар Асад знаходзіцца ў Маскве і атрымаў у Расеі прытулак. Пра гэта ўвечары ў нядзелю, 8 сьнежня, паведамілі расейскія дзяржаўныя СМІ са спасылкай на крыніцу ў Крамлі.

«Асад разам з членамі сваёй сям’і прыбыў у Маскву. Расея, зыходзячы з гуманітарных меркаваньняў, дала ім прытулак», — цытуюць агенцтвы крыніцу, не называючы яе імя.

У паведамленьні ТАСС Асад названы «былым» прэзыдэнтам, хаця фармальна ён не абвяшчаў пра складаньне паўнамоцтваў. Міністэрства замежных справаў Расеі днём у нядзелю ў афіцыйным паведамленьні, аднак, заяўляла, што па выніках перамоваў з апазыцыяй Асад пагадзіўся пакінуць пасаду прэзыдэнта і выехаць з краіны.

Паведамляецца таксама, што з амбасады Сырыі ў Маскве зьнялі сьцяг і дошку з назвай дыпляматычнага прадстаўніцтва. Сырыйская апазыцыя выкарыстоўвае іншы, крыху зьменены нацыянальны сьцяг.

Пра тое, што Башар Асад, які кіраваў Сырыяй 24 гады, пакінуў Дамаск і, верагодна, краіну, стала вядома ў ноч на нядзелю, 8 сьнежня, — адначасова са здачай гораду, фактычна бяз бою, аддзеламі ўзброенай апазыцыі.

Пакуль невядома, якім чынам Асад трапіў у Маскву. Раніцай у нядзелю агенцыя Reuters са спасылкай на дадзеныя Flightradar пісала, што самалёт, на якім, як мяркуецца, ляцеў Асад, зьнік з радараў; выказваліся нават здагадкі, што ён быў забіты ці разбіўся.


Асад, пэўна, мог скарыстацца расейскім Іл-76, які вылецеў з авіябазы Хмэймім усяго за некалькі гадзін да паведамленьня, што былы сырыйскі прэзыдэнт у Маскве, высьветліла Расейская служба «Радыё Свабода».

Таксама 8 сьнежня на базу прыляцеў расейскі Ан-124 — другі раз за апошнія дні. Паводле асноўнай вэрсіі, узмоцненая актыўнасьць расейскай вайскова-цывільнай авіяцыі ў Сырыі зьвязаная з эвакуацыяй расейскіх войскаў з краіны на фоне падзеньня рэжыму Асада.

Авіябаза Хмэймім крытычна важная для Расеі як хаб паміж Масквой і Афрыкай — шматлікія рэйсы Міністэрства абароны ў ЦАР, Лібію і іншыя афрыканскія краіны выконваюцца праз базу ў Сырыі.

Дынастыя Асадаў — сям'я алавітаў (мусульманаў, якія не зьяўляюцца шыітамі, але ўшаноўваюць цэнтральную постаць шыіцкага ісламу) пачала кіраваць краінай яшчэ ў 1970, калі пры ўладзе быў Хафэз Асад, бацька Башара. Ягоны сын узначаліў краіну ў 2000 годзе пасьля сьмерці бацькі.

Пэрыяд нестабільнасьці, паўстаньняў і вайны пачаўся ў Сырі ў 2011 годзе і працягваецца да сёньняшняга дня.

  • Рэжым Асада падтрымліваюць Расея, Іран, а таксама лібанская шыіцкая групоўка «Хэзбала», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША. У Эўразьвязе тэрарыстычным лічыцца ваеннае крыло «Хэзбалы», але не палітычная партыя.
  • Расея мае ў Сырыі авіябазу на аэрадроме Хмэймім і базу флёту ў порце Тартус. У Міжземным моры на сталай аснове дзейнічае расейская эскадра.
  • Расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у Сырыі з 2015 году, калі расейскія самалёты пачалі бамбаваць пазіцыі праціўнікаў Асада ў грамадзянскай вайне. Пры бамбаваньнях гораду Алепа, па шматлікіх паведамленьнях, загінула мноства мірных жыхароў.
  • Пры падтрымцы Расеі і Ірану сырыйскім урадавым войскам удалося ўзяць пад кантроль большую частку тэрыторыі краіны.
  • Перамір’е, заключанае пры ўдзеле Расеі і Турэччыны, дзейнічала з 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG