Найбольш вялікія чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
Адзначаецца таксама і зваротная плынь сырыйцаў, якія пакідаюць краіну, баючыся беспарадкаў. Пакуль яна невялікая.
Ва ўпраўленьні Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў заявілі, што, калі ў Сырыі ўсталюецца палітычная стабільнасьць, у 2025 годзе можна чакаць масавага вяртаньня дадому грамадзян Сырыі, якія пакінулі краіну з прычыны грамадзянскай вайны і палітычных рэпрэсіяў, цытуе ацэнку ведамства Daily Mail.
З 2011 году, калі ў Сырыі пачалася грамадзянская вайна, краіну пакінулі каля 6,7 мільёна чалавек. Большасьць зь іх жывуць у суседніх краінах. Каля 3,7 мільёна сырыйскіх уцекачоў прыняла Турэччына, да мільёна — Лібан, прыкладна столькі ж — Ярданія. Эўразьвяз у 2015–2023 гадах даў прытулак 1,3 мільёна сырыйцаў. Большасьць зь іх — каля 700 тысяч — жывуць у Нямеччыне.
Нямеччына і Аўстрыя 9 сьнежня заявілі, што прыпыняюць разгляд новых прашэньняў аб прытулку ад сырыйцаў, пакуль сытуацыя на іх радзіме ня высьветліцца. Пазьней да іх далучыліся Грэцыя, Данія, Нарвэгія, Швэцыя, а таксама Вялікая Брытанія, Бэльгія, Нідэрлянды і Францыя.
- 27 лістапада ўзброеныя сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі сырыйскага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс), а 8 сьнежня ўвайшлі ў Дамаск, падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад.
- У МЗС Расеі заявілі, што Башар Асад правёў перамовы з апазыцыйнымі сіламі і ў выніку «вырашыў пакінуць прэзыдэнцкую пасаду, пакінуў краіну і даў указаньне перадаць уладу мірным шляхам». Увечары Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак.
- Лідэры паўстанцаў абяцаюць сфармаваць новы ўрад шляхам выбараў.
Форум