Гэта ня толькі асобныя людзі і сем’і, а цэлыя калектывы: рэдакцыі, выдавецтвы, кнігарні, творчыя суполкі — словам, уся тая недзяржаўная сфэра, дзе ў Беларусі жыла беларуская мова. Нехта, вядома, застаецца. Пакуль.
Сьцісла
- Рэпрэсіі і эміграцыя ачысьцілі беларускую мову ад ранейшых дыскусіяў пра яе месца і ролю.
- Беларушчына пашыраецца — за мяжой, у інтэрнэце, сярод новых пакаленьняў.
- Беларуская мова ў Беларусі — гэта і зброя дэмакратыі, і выбар дэмакратычнага разьвіцьця краіны.
Я твайго не вазьму, я свайго не аддам
Маладая фрэндэса зь Беларусі піша ў фэйсбуку:
«Так засмуцілася, што расхварэлася. Беларусы ня хочуць беларускай мовы! Куды б я не памкнулася ў Беларусі, я пастаянна натыкаюся на „Вой, мы не разумеем/ не вучылі / з Расеі“. Ну не вучылі. Ну з Расеі, і? Ці нават „Вы што, лічыце нармальным прыходзіць сюды са сваёй мовай??“ (Крычала на мяне цётка, у якой у БДУ мы падпісвалі ахову працы).
Марыйчына трэнэрка па танцах ня ведае бм, рэальна ня ведае — просіць мужа перакладаць мае вайбэр-паведамленьні.
Малдаванка — мама Марыйчынай аднагрупніцы — рэальна ня ведае бм, але ніколі не прасіла мяне перайсьці на расейскую (праз гугль яна мяне чытала ці як, ня ведаю).
На псыхалягічнай онлайн-групе тут, на фб, сабраліся розныя людзі з розных краін, адна расіянка абурылася маёй бм, перакладала мяне гуглем.
Я за камунікацыю паўзьверх моваў, за тое, каб мовы лучылі нас, а не разьдзялялі. Але зь песні слова ня выкінеш: „Я твайго не вазьму — я свайго не аддам“, мне гэта здаецца базіснай узаемапавагай. Я не адбіраю расейшчыну ў тых, з кім гавару, але і не гатовая аддаваць сваю беларушчыну».
Хтосьці ў камэнтарах кажа фрэндэсе: «Ты падзьвіжнік». На што яна адказвае: «Я добра канапы дзьвігаю)) Падзьвіжнікі зьехалі, а мы, канапныя войскі, засталіся. То й прыходзіцца міжволі».
Іншы камэнтатар удакладняе:
«На маю думку, з кожным трэба гаварыць перш за ўсё на ягонай мове. Гэта правіла этыкету. Мы павінны трымацца правілаў этыкету моўных паводзінаў, не зважаючы ні на што. Нават на тое, што большасьць нашых суразмоўцаў гэтыя правілы рэгулярна парушаюць».
Гучыць як рэха даўніх дыскусіяў. Сёньня фрэндэса гэтаму пярэчыць:
«Спрэчна. На мове хамства, калі мне хамяць, я ўсё адно не змагу. Па-расейску, пры патрэбе, змагу. Але не хачу. Мне думаецца, беларуская ў такім стане, што калі адказваць усім па-расейску, хто да мяне па-расейску зьвяртаецца, то ніякай беларускай і не застанецца».
То бок у нашай адвечнай моўнай дыскусіі ўласна дыскусіі становіцца меней. Заўважаю, колькі людзей і ў Беларусі, і за мяжой у сацсетках пераходзяць на беларускую мову, адваротнага працэсу ня бачу. І гаворка найперш пра новыя пакаленьні, пра моладзь, якая выбірае беларускую. Зьява, магчыма, і ня частая, але прыкметная.
Розьніцу паміж тым, што было і ёсьць, у камэнтарах да допісу фрэндэсы камэнтуе палітоляг і багаслоў Натальля Васілевіч:
«У мяне так было ў канцы 1990-х — першай палове 2000-х, калі сапраўды было невыносна цяжка, было непрыманьне беларускай мовы і здавалася, што прынцыпова за яе стаяць — проста зьбіраць сабе новыя траўмы. Але ў сярэдзіне 2000-х я пачала заўважаць, што сытуацыя зьмяняецца, і калі я ўжо пайшла выкладаць, раптам выявілася, што ня ўсё так дрэнна, перастала заўважаць супраціў, мяне перасталі хэйціць і зьневажаць. Тады, дарэчы, я стала шмат і расейскай мовай карыстацца, бо перастала адчуваць пагрозу ад яе».
Урэшце ўсё зводзіцца да пытаньня, ці варта ў Беларусі пераходзіць на расейскую, каб іншаму зрабіць камфортна, але коштам уласнага дыскамфорту. І гэта ўжо зусім іншы тып дачыненьняў, які часта сустракаецца, напрыклад, у Літве. Адказ: а навошта?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае слова 2024 году — інкамунікадаНавошта ваўку прыкідвацца сабакам
Насамрэч пытаньне глыбокае, на ўзроўні самой прыроды. Навошта мне, ваўку, прыкідвацца сабакам? Быццам беларуская мова агаліла свае рэзэрвы і магутнасьці да такой ступені, што ўзялася сама вырашаць свой лёс. І гэта не прыватная размова, гэта новая якасьць размоваў на моўныя тэмы. У сёньняшняй Беларусі беларушчына бачыць сябе не ў пасіўнай паставе сувэніра або інваліда, як тое было раней. Як той казаў, што не забівае, робіць яе мацнейшай. Сутнасна адбываецца зьмена вобразу беларускай мовы. Падобна, як украінскай ва Ўкраіне, але там гэта дзяржаўная палітыка, а ў нас — палітыка грамадзкая.
Калі наскрозь расейскамоўная дыктатура цалкам пазбавіла беларуса права выбару, дык тое, што ў яго засталося — перайсьці на сваю мову і такім чынам прагаласаваць за сябе, і гэта будзе дэмакратычны выбар.
Інакш гавораць беларусы пра моўную сытуацыю за мяжой, у Польшчы і Літве, дзе атабарылася вялікая колькасьць выгнанцаў. Там часта можна пачуць пра раскошу беларушчыны. Ты ўжо не абавязаны і ня можаш ведаць усіх, хто гаворыць па-беларуску (як некалі на радзіме), чытаць усе беларускія газэты, хадзіць на ўсе беларускія імпрэзы. Ты можаш выбіраць — так усяго беларускага стала шмат, што ты ўжо кіруесься ня тым, што яно беларускае. Ты ўжо кіруесься тым, падабаецца табе гэта ці не. Робіцца выснова: Каб «беларушчыны засталося на тры дні — не, так ужо ніколі ня будзе».
Трэба разумець, што шмат беларускага стала ў Літве ці Польшчы дзякуючы дэмакратыі і свабодзе ў гэтых краінах і таму, што там няма русыфікацыі. І можна ўявіць сабе, як шмат стане беларушчыны ў Беларусі, калі там ня будзе дыктатуры і русыфікацыі.
Кіравацца даводзіцца ня тым, што выгадна-нявыгадна, а тым, хто я? Скажам, у польскамоўнай краіне ты непазьбежна задумаесься над гэтым, чаго ў Беларусі ад цябе быццам бы нішто не вымагае. Проста ў Беларусі ты сёньня аб’ект, а ў польскамоўным асяродзьдзі — суб’ект, такі, як і кожны іншы.
Дзіўна было б пайсьці на «русскую вечеринку» дзе-небудзь у Беластоку, Варшаве ці Вільні як на сваю, так, як калісьці як на сваё хадзілі ў Менску.
Што стымулюе беларуса за мяжой пераходзіць з расейскай на беларускую? Адказ будзе такі: нічога не замінае. Няма прэсынгу расейскай тэлевізіі, страшнай не праз мову, а праз норавы і эстэтыку. У Беларусі няма ніякай іншай тэлевізіі, апроч расейскай і такой самай мясцовай. Гэта, вядома, стымул. Дакладней, прымус, бо выбару няма. У эміграцыі нішто не змушае пераходзіць на беларускую мову. Ці значыць гэта, што і ў сытуацыі дэмакратычнай Беларусі будзе тое самае? А калі яшчэ і афіцыйная палітыка павернецца да свайго...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку — мова. Ці магчымае ў Беларусі дзяржаўнае двумоўеЭміграцыя як місія
Эміграцыя непазьбежна становіцца місіяй захаваньня беларушчыны, як гэта было пасьля Другой сусьветнай вайны, калі цэнтры беларускай палітыкі ды культуры, разбураныя ў Беларусі, паўставалі за мяжой. Вядома, большасьць эмігрантаў натуралізуюцца, але цэнтры застануцца, пакуль місію захаваньня беларушчыны не пяройме нармальная беларуская дзяржава. Якая толькі ў Беларусі і можа аднавіцца пасьля цяперашняй доўгай хваробы, якую мы назваем лукашызмам.
«Беглыя» — гэта тыя, каго раней рэжымныя людзі пагардліва называлі «сьвядомымі» (гэта значыць беларускамоўныя) з той самай абразьлівай канатацыяй. То бок, яны самі несьвядомыя, згодна з расейскім турэмным жаргонам, «ушли в несознанку», не ўсьведамляюць сябе беларусамі і пышацца гэтым.
Тым часам беларуская мова, вызваленая ад умяшаньня рэжыму ў свой лёс, паказвае нам, што мы такая самая лінгвацэнтрычная нацыя, як і ўсе нашы суседзі. Прырода наша тая самая. І беларуская мова — тая прызма, празь якую мы аднолькава бачым і адчуваем тое, што нас яднае, і тое, якімі нас бачаць іншыя. А яднае найперш — адзінства беларускага лёсу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паказвае абсурд, які адбываецца зь Беларусьсю». Кніга пра дыскрымінацыю беларускай мовы выйшла па-ангельску