Сьцісла
Журналісты Радыё Свабода разам з мовазнаўцамі вылучаюць кароткі сьпіс словаў, які папаўняюць чытачы сацыяльных сетак і галасуюць. Так ужо 11-ы раз вызначаецца „Беларускае слова году“: зусім новае, або з новым значэньнем, або вельмі важнае сёлета.
- Зь вялікім адрывам першае месца заняло слова інкамунікада, што азначае поўную ізаляцыю, пазбаўленьне сувязі з вонкавым сьветам. Слова адпавядае самым строгім крытэрам выбару, бо новае для беларускае мовы.
- Ангельскае слова incommunicado, гішпанскае incomunicado — з лацінскімі фармантамі in- ‘не’ і communicare (‘мець сувязь’). Слова камунікаваць вядомае старабеларускай мове прынамсі з XVI ст.
- Выбар зразумелы: пра найбольш вядомых палітычных вязьняў перасталі прыходзіць зьвесткі. Так міжнародна-праўны тэрмін для апісаньня гэтага спэцыфічнага спосабу катаваньня, раней вядомы вузкаму колу юрыстаў як іншамоўны, увайшоў у агульную лексыку беларускае мовы.
- Параўнальна высокія вынікі ў сёлетнім галасаваньні мелі словы бясчасьсе, штучны інтэлект (ШІ) і экстрэмізм. Новыя для беларускае мовы словы шахед і аўтарскі наватвор Лявона Вольскага калякалядны таксама былі ў фінальнай дзясятцы.
Традыцыйна штогод вызначаецца «Беларускае слова году»: або новае ў беларускай мове, або вядомае слова, якое набыло новае значэньне. У крайнім выпадку слова, вельмі важнае менавіта сёлета. Ужо адзінаццаты раз журналісты Радыё Свабода разам з мовазнаўцамі, а таксама чытачы сацыяльных сетак вылучаюць дзесяць словаў-прэтэндэнтаў, а потым адбываецца галасаваньне. На розных інтэрнэт-рэсурсах слова выбіралі сумарна паўтары тысячы чалавек.
Першае месца (26,5% галасоў, зь вялікім адрывам ад наступных) заняло слова інкамунікада, што азначае поўную ізаляцыю, пазбаўленьне сувязі з вонкавым сьветам. Слова адпавядае самым строгім крытэрам выбару, бо яно зусім новае для беларускае мовы. Такое новае, што яшчэ граматычна не асвоена, ужываецца і ў ролі азначэньня (стан інкамунікада, у рэжыме інкамунікада), і як прыслоўе (яго трымаюць інкамунікада), і як нескланяльны назоўнік (ён даўно інкамунікада).
У ангельскай мове — прыметнік incommunicado, у гішпанскай — прыметнік, назоўнік, дзеепрыметнік incomunicado з тым жа значэньнем. Тут пазнавальныя лацінскія фарманты: in- ‘не’ і той жа корань, што ў communicare (у сярэднявечнай лаціне ‘мець сувязь’). І беларуская традыцыя асваеньня лацінізмаў даўняя (так, слова камунікаваць вядомае старабеларускай мове прынамсі з XVI ст.), слова інкамунікада ў яе рэчышчы.
Зразумела, чаму такі выбар. Упершыню за шмат дзесяцігодзьдзяў грамадзтва сутыкнулася з сытуацыяй, калі пра найбольш вядомых палітычных вязьняў перасталі прыходзіць якія-хаця зьвесткі — пра некаторых ужо больш за год. Так міжнародна-праўны тэрмін для апісаньня гэтага спэцыфічнага спосабу катаваньня і самых вязьняў, і іхных блізкіх, раней вядомы вузкаму колу юрыстаў як іншамоўны, увайшоў у сьвядомасьць беларускага грамадзтва і ў агульную лексыку беларускае мовы.
Штучны інтэлект — ужо не навіна
Параўнальна высокія вынікі ў сёлетнім галасаваньні мелі словы бясчасьсе, штучны інтэлект і экстрэмізм. Слова бясчасьсе тлумачальны слоўнік азначае як 'пару неўладкаванасьці, час грамадзкага-культурнага застою' (параўн. ліхая гадзіна); але ў Купалавым драматычным вершы „Чараўнік“ слова ўжыта ў іншым сэнсе: „Расьцьвісьці, растапіцца ў бясчасьсі“.
Тэрмін штучны інтэлект (ШІ) так і ня стаў беларускім „Словам году“. Хоць ён прэтэндаваў на гэта і летась (калі ангельская абрэвіятура AI стала Collins Word of the Year 2023), і сёлета, але заняў адпаведна 8-е і 4-е месца.
Нэалягізмы
У фінальнай дзясятцы былі новыя для беларускае мовы словы: згаданае інкамунікада, шахед, аўтарскі наватвор Лявона Вольскага калякалядны. Іранізм шахед 'сьведка' — у значэньні 'дрон пэўнай мадэлі іранскага вырабу'. Трэба зазначыць, што беларускія татары ведалі арабізм шагід у значэньні 'пакутнік за веру', адкуль прозьвішча Шагідзевіч.
Пазначаны актаторпам (hashtag) спокліч #хопіцьгвалціць — назва акцыі пратэсту супраць сэксуалізаванага гвалту, ад якога загінула беларуска ў Варшаве. Да акцыі далучылася мноства людзей, яна прыцягнула ўвагу грамадзтва. Мовазнаўцы раяць надалей выкарыстоўваць замест „хопіць“ словы „досыць“ і „годзе“.
У дзясятцы намінаваліся таксама словы салідарнасьць, ананімнасьць, шлях, кожнае зь якіх па-свойму характарызавала прамінулы год.
Што ў сьвеце
Сама перш звычайна абвяшчаюць „Словы году“ ў прасторы ангельскае мовы. Прыкладам, паводле Оксфардзкага слоўніка сёлета гэта слова-выраз brain rot (літаральна гніцьцё мазгоў) — пра дэградацыю мысьленьня ахвяраў безупыннага прагляду прымітыўных ролікаў у сетках.
„Слова году“ выбіраюць і носьбіты „малых“ моваў. Прыкладам, у рэтараманскай мове (гэта аўтахтонная мова часткі швайцарцаў) „Словам 2024 году“ стала segundimorant, -a (хто мае другі дом) — у іхных гарах дэфіцыт найманага жытла. Ёсьць нават „Словы году“ пэўных дыялектаў. Так, носьбіты франконскага дыялекту нямецкае мовы (поўнач Баварыі) сёлета выбралі жыцьцярадаснае слова Schnerbfl 'завязаны канец каўбасы ці мяшка' (і гэта ня ўсе яго значэньні).
„Словы году“ многіх іншых моваў, у тым ліку суседніх польскай, літоўскай, украінскай, будуць вызначаныя пазьней.
Даведка пра „Слова году“
„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.
„Беларускія словы году“
Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.
„Беларускімі словамі году“ былі:
Форум