Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Сіліцкі: “Туск клапаціўся пра Беларусь дзеля самарэклямы”


Радыё Свабода, Менск Напярэдадні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Польшчы мы запыталіся ў беларускіх палітолягаў, ці паўплываюць вынікі гэтых выбараў на дачыненьні паміж Беларусьсю і Польшчай.

Старшыня партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск неаднаразова выяўляў цікавасьць да падзеяў у Беларусі і быў адным з трох польскіх палітыкаў, якіх сёлета ў жніўні беларускія ўлады не пусьцілі на сьвята, якое ладзілі прадстаўнікі польскай меншасьці ў Беларусі.

Ці можа перамога “Грамадзянскай плятформы” неяк зьмяніць стаўленьне Польшчы да Беларусі, узаемадачыненьні нашых краін? Кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі пэўны: не можа.

Сіліцкі: “Туск быў заклапочаны праблемамі Беларусі дзеля ўласнае самарэклямы. Ён нарываўся на ўсялякія інфармацыйныя нагоды. А цалкам палітыка Польшчы ў дачыненьні да Беларусі будзе ісьці агульнаэўрапейскім шляхам. Незалежна ад таго, хто будзе пры ўладзе – тая партыя, што была раней, ці іншая. Так што нейкіх зьменаў радыкальных у гэтым рэчышчы чакаць нельга”.

Карэспандэнт польскага выданьня “Gazeta Wyborcza” Андрэй Пачобут трымаецца іншай думкі:

Пачобут: “Ёсьць у Польшчы партыі, якія спрабуюць залагодзіць досыць жорсткія адносіны да Лукашэнкі. Найперш гэта Польская сялянская партыя. У часе перадвыбарчай кампаніі яна падкрэсьлівала, што “адносіны з усходам павінны быць добрымі”. Гэтая партыя адлюстроўвае інтарэсы фэрмэраў польскіх, якія зацікаўленыя ў добрых стасунках з Расеяй – гэта цікавы рынак для іх. Беларускі, можа, у меншай ступені. “Грамадзянская плятформа” ужо абвясьціла, што ў выпадку перамогі будзе фармаваць урад разам з Польскай сялянскай партыяй. І ў гэткім выпадку нейкія зьмены ў бок пэўнага памякчэньня стасункаў з рэжымам Лукашэнкі могуць мець месца”.

Палітоляг Уладзімір Мацкевіч спадзяецца, што кожны пераможца парлямэнцкіх выбараў у Польшчы здолее палепшыць дачыненьні паміж краінамі.

Мацкевіч: “Палітыка Польшчы апошнім часам была непасьлядоўная. Я думаю, што новыя кіраўнікі, якія прыйдуць да ўлады, здолеюць разабрацца і са становішчам, якое мы маем з палякамі ў Беларусі, правільна паставіцца да беларусаў у Польшчы і наагул наладзіць узаемадзеяньне з Беларусьсю , не забываючыся пра тое, што за рэжым цяпер пануе ў краіне і памятаючы, што палякі і беларусы – настолькі блізкія суседзі, што бяз добрых дачыненьняў мы папросту ня можам існаваць – ні Польшча, ні Беларусь”.

• За што “набілі морды” польскім дэпутатам? , 22.08.2007 • Амбасадар Беларусі ў Польшчы атрымаў ноту пратэсту ад польскага МЗС , 22.08.2007 • МЗС Польшчы: “Словы Лукашэнкі не адпавядаюць стандартам міжнародных дачыненьняў”, 17.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG