Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь даставілі Бэтлеемскі агонь міру. Сёлета ўпершыню гэта леташні агонь


Архіўнае фота з 2017 году. Бэтлеемскі агонь у касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску
Архіўнае фота з 2017 году. Бэтлеемскі агонь у касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску

Бэтлеемскі агонь напярэдадні калядаў распаўсюджваюць каталіцкія скаўты.

Яго ўжо ўнесьлі ў катэдральныя саборы Горадні і Менску, сёньня ён будзе дастаўлены ў катэдральную базыліку Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, а потым у катэдральны касьцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Усяго яго плянуецца даставіць у больш як 140 рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій Беларусі.

Практыка распаўсюджваньня Бэтлеемскага агню пачалася ў 1986 годзе. Тады супрацоўнікі аўстрыйскай радыёкампаніі ORF вырашылі такім чынам аддзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі «Сьвятло ў цемры». Акцыя, якая плянавалася разавай, стала міжнароднай каляднай традыцыяй. Праз тры гады ініцыятыву падхапілі скаўты, перадаючы полымя з Бэтлеему спачатку ў суседнія з Аўстрыяй краіны, а пазьней — і ў больш аддаленыя, нагадвае сайт catholic.by.

Гэты агонь запальвае дзіця або падлетак зь нязгаснай лямпады ў гроце Нараджэньня Гасподняга ў Бэтлееме, пасьля чаго адмысловым авіярэйсам яго дастаўляюць у Аўстрыю, адкуль разносяць па розных краінах.

Аднак сёлета, праз канфлікт на Блізкім Усходзе, упершыню распаўсюджваецца Бэтлеемскі агонь, прывезены летась, які цэлы год захоўвалі аўстрыйскія скаўты.

  • У Беларусь Бэтлеемскі агонь упершыню афіцыйна прывезьлі ў 1998 г. Ад 2008-га яго ў парафіі дастаўляюць каталіцкія скаўты. Сёлета яго дастаўляюць скаўты зь Віцебска, Горадні, Жодзіна, Івянца, Менску і Полацку.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG